Дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 12 красавіка прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон аб статусе дэпутата палаты прадстаўнікоў і члена савета рэспублікі нацыянальнага сходу.

Законапраектам устанаўліваюцца дадатковыя патрабаванні да памочнікаў парламентарыяў. У прыватнасці, прадугледжваецца, што грамадзянін Беларусі не можа з'яўляцца памочнікам у выпадку: займання дзяржаўнай пасады; прызнання яго ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольным або абмежавана дзеяздольным; наяўнасці судзімасці; падавання ім заведама непраўдзівых звестак, неабходных для ажыццяўлення дзейнасці памочніка. Для памочнікаў, якія працуюць на ўмовах аплаты працы, уводзіцца дадатковае абмежаванне, якое прадугледжвае, што памочнік не павінен знаходзіцца ў блізкім сваяцтве або сваяцтве з адпаведным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, членам савета рэспублікі.

Паводле слоў намесніка старшыні парламенцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Аляксандра Зазулі, гэтыя папраўкі набудуць моц 1 кастрычніка 2012 года. Такім чынам, яны будуць распаўсюджвацца на наступны склад парламента. Выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці ў верасні.

Законапраект таксама прадугледжвае інфармаванне насельніцтва аб памочніках дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена савета рэспублікі, у тым ліку з дапамогай мясцовых друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах палаты прадстаўнікоў, савета рэспублікі, адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?