Ні ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі, ні ў самім КДБ няма запісаў Уладзіслава Кавалёва, пакаранага смерцю ў сакавіку гэтага года за саўдзел у тэрарызме,
заявіў начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Антановіч.

Нагадаем, маці расстралянага Любоў Кавалёва на працягу ўжо некалькіх месяцаў безвынікова дабіваецца ад СІЗА КДБ вярнуць ёй запісы сына.

Пасля выканання смяротнага прыгавору Кавалёва атрымала па пошце з СІЗА КДБ пакет з яго асабістымі рэчамі. Аднак жоўтая папка, з якой Уладзіслаў хадзіў на пасяджэнні суда, аказалася пустой.

«З гэтай папкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суда і пасля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай для напісання касацыйнай скаргі. Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі»,
— заявіла Любоў Кавалёва два месяцы таму.

Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэнні ва ўтрыманні ў СІЗА і таму іх канфіскавалі. «Але я не атрымала ніякіх дакументаў аб тым, напрыклад, што запісы сына былі знішчаныя ў законным парадку», — сказала маці пакаранага.

Аляксандр Антановіч таксама заявіў, што ў КДБ няма даверанасцей, якія, паводле слоў Кавалёвай, Уладзіслаў разам з адвакатам спецыяльна складалі для таго, каб маці магла дзейнічаць ад імя сына.

Такія даверанасці, як паведамлялася раней, складаліся двойчы. Ніводнай з іх Кавалёва не атрымала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?