Такія звесткі прыводзіць галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінска.

Колькасць насельніцтва сталіцы на 1 студзеня 2012 года склала 1 млн. 885,1 тыс. чалавек, або 19,9% жыхароў Беларусі. За 2011 год мінчан стала больш на 21 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт міграцыйнага прыросту - на 18,2 тыс. чалавек і натуральнага прыросту - на 2,8 тыс. чалавек.

З 9 раёнаў мегаполіса самы шматлікі Фрунзенскі: у ім пражывае кожны пяты жыхар горада, або 21,8%, у Партызанскім і Цэнтральным раёнах - адпаведна ўсяго 5,2% і 5,8% насельніцтва горада.

За мінулы год нязначна знізілася колькасць Заводскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў, астатніх - узрасла.

Сярод жыхароў сталіцы больш за палавіну - жанчыны. У пачатку 2012 года іх колькасць складала 1 млн. 23,9 тыс. чалавек (54,3%), мужчын - 861,2 тыс.
На 1000 мужчын прыпадала 1189 жанчын (для параўнання: паводле звестак перапісаў насельніцтва 2009 года, 1177 - жанчын, 1999 года - 1131 жанчына).

Колькасць дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў у пачатку 2012 года склала 275,4 тыс. чалавек, або 14,6% ад агульнай колькасці насельніцтва. Суадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак у любой узроставай катэгорыі дзіцячага насельніцтва захоўваецца на карысць першых. На 100 нованароджаных дзяўчынак прыпадае ў сярэднім 103-108 хлопчыкаў.

Дзякуючы росту нараджальнасці апошнія гады павялічылася колькасць дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў (104,5 тыс. чалавек у пачатку 2012 года супраць 96,1 тыс. чалавек па выніках перапісу насельніцтва 2009 года і 69,6 тыс. - 1999 года). Удзельная вага колькасці дзяцей ва ўзросце 5-9 гадоў у агульнай колькасці насельніцтва малодшага за працаздольны ўзрост за гэтыя перыяды практычна не змянялася.

На пачатак года колькасць працаздольнага насельніцтва склала 1 млн. 222,1 тыс. чалавек, або 64,8% у агульнай колькасці насельніцтва, з іх жанчыны - 614 тыс. чалавек (50,2%).
Прычым у гэтай катэгорыі пераважае маладое актыўнае насельніцтва ва ўзросце 20-29 гадоў (31,4%).

Паводле слоў спецыялістаў, цяпер назіраецца працэс зніжэння ўдзельнай вагі працаздольнага насельніцтва ў агульнай колькасці насельніцтва (з 66,1 працэнта ў перапісе 2009 года да 64,8 працэнта ў 2011 годзе). У працаздольны ўзрост уступаюць невялікія групы насельніцтва, народжаныя ў 90-я гады, якія характарызуюцца нізкім узроўнем нараджальнасці, што абвастрае сітуацыю з папаўненнем працоўных рэсурсаў.

На 1000 мужчын працаздольнага ўзросту прыпадала 1010 жанчын названай узроставай катэгорыі, прычым найменшая дыспрапорцыя адзначана ва ўзросце 30-34 гады (1024 жанчыны), найбольшая - ва ўзросце 50-54 гады (1304 жанчыны).

У выніку дэмаграфічнага старэння насельніцтва павялічваецца колькасць людзей старэйшых за працаздольны ўзрост.

На 1 студзеня 2012 года гэта катэгорыя насельніцтва склала 387,6 тыс. чалавек, або 20,6 працэнта ў агульнай колькасці насельніцтва, паводле перапісу насельніцтва 2009 года - 19,6%.
За час пасля апошняга перапісу ў гэтай узроставай групе адзначаецца найбольшы прырост насельніцтва - на 28,5 тыс. чалавек.

У колькасці насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост у пачатку 2012 года жанчыны склалі 71,3% (276,3 тыс. чалавек), мужчыны - 28,7% (111,3 тыс. чалавек). У гэтым узросце асабліва адчувальная розніца ў суадносінах колькасці мужчын і жанчын. Так, на кожную тысячу мужчын старэйшых за працаздольны ўзрост прыпадала 2483 жанчыны адпаведнага ўзросту, пры гэтым ва ўзроставай групе 60-64 гады - 1484, ва ўзросце 75-79 гадоў - 2282, а ва ўзросце 85 і старэйшыя - 3625.

У 2011 годзе чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні склала 73,6 года (у мужчын - 67,9 гадоў, у жанчын - 78,7 года). У параўнанні з 2000 годам яна ўзрасла на 2,6 года як у мужчын, так і ў жанчын.-
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?