Не браць ні капейкі ў ЦВК на агітацыю байкоту выбараў яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі вырашыла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Каб не ствараць фінансавых праблем сваім «спікерам», тлумачыць лідар АГП Анатоль Лябедзька. І просяць грошай на ўлёткі з заклікам не хадзіць на выбары… у саміх выбаршчыкаў.

Анатоль Лябедзька: «Улётку надрукавалі з такім пасланнем: у вас ёсць выбар — вы можаце пералічыць грошы на некалькі рахункаў альбо самастойна надрукаваць накладам 10, 100 ці 1000 гэтую ўлётку і распаўсюдзіць».

Друкаванай прадукцыі з заклікам байкатаваць выбары ў АГП практычна няма. Ці не дзіўна гэта?

«Зрабілі ўсё правільна, — упэўнены Анатоль Лябедзька. — На нас працуюць сацыяльныя сеткі, на нас працуе інтэрнэт, зараз мы ўзмоцнім працу з незалежнай прэсай, з друкаванымі выданнямі».

Палітолаг Яўген Прэйгерман не бачыць вялікай страты ад таго, што ўлётак няма, бо гэта ўчорашні дзень.

Яўген Прэйгерман: «Цікавая магчымасць дэбатаў. Калі мы арыентуемся на аўдыторыю, якая не асабліва палітызаваная, не карыстаецца інтэрнэтам, людзі за 55 — 60 гадоў, то

тэлебачанне — больш цікавы сродак данесці свой пункт гледжання».

Праўда, з тэле- і радыёэфіра знялі 31 выступ кандыдатаў ад АГП. Было 11 выступаў на ТБ і 4 на радыё. Прэйгерман лічыць, што ў нашых умовах і гэта нямала.

Не браць грошы на агітацыю заклікала сваіх кандыдатаў і Партыя БНФ. Яны сёння таксама практычна без улётак. Да байкоту «бэнээфаўцы» не заклікаюць, а «займаюцца прапагандай каштоўнасцяў Партыі БНФ, яе платформы». Лідар партыі Аляксей Янукевіч прызнае, што без улётак агітацыя, безумоўна, згубіла.

Аляксей Янукевіч: «Калі б бралі, то было б больш агітацыйных матэрыялаў. Гэта факт, гэта я прызнаю, але такое было наша свядомае рашэнне».

Рашэнне было прынятае, каб кандыдаты… не перадумалі здымацца з выбараў! Бо 5 мільёнаў рублёў давядзецца вяртаць са сваёй кішэні.

Старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард на пытанне, як кандыдаты без грошай агітуюць за сябе, адказвае: «Як могуць».

Усе 11 кандыдатаў, якіх падтрымлівае кампанія «Гавары праўду!», грошы ў ЦВК узялі. І амаль усе скарысталі. Намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў не выключае, што напярэдадні дня галасавання будзе прынята рашэнне аб зняцці «някляеўцаў». Вяртаць грошы дзяржаве гатовыя.

З улёткамі ці без іх, але стратэгію «ўдзелу са зняццем» Яўген Прэйгерман ад пачатку называе неэфектыўнай. Бо не вядзе да перамогі. Але дае магчымасць камунікаваць з выбаршчыкамі і дазваляе выказаць сваю маральную пазіцыю. Што для большасці — галоўнае на гэтых выбарах. А дзяржаве гэта пазіцыя дазваляе вярнуць у казну як мінімум 335 мільёнаў рублёў: па 5 нескарыстаных мільёнаў 36 кандыдатаў ад АГП і 31 ад ПБНФ. А ёсць яшчэ 22 кандыдаты ад «Гавары праўду!» і БСДП (Грамада), пытанне зняцця якіх пакуль не вырашана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?