Пра падтрымку байкоту парламенцкіх выбараў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 2» кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч.

Паводле яго слоў, цяперашняя зыбкая стабільнасць забяспечваецца за кошт праядання створанага папярэднімі пакаленнямі, выпрошвання льгот у Расіі пад пагрозай страты суверэнітэту, спаўзання ў даўгавую яму.

«За гады праўлення Аляксандра Рыгоравіча валавая знешняя запазычанасць краіны вырасла з нуля да 34 млрд. долараў ЗША», — адзначыў Багданкевіч.
АГП, працягнуў ён, мае праграму глыбокай мадэрнізацыі краіны, аднак пра гэту праграму шырокая грамадскасць не ведае, таму што «ў парушэнне Канстытуцыі» партыя «не дапушчана ні да тэлебачання, ні да іншых СМІ».

«Навязаная краіне аўтарытарная мадэль развіцця неэфектыўная, краінай кіруюць некампетэнтна і непрафесійна»,

— сказаў Багданкевіч. Паводле яго пераканання, выбаршчыкі павінны ведаць не толькі прыхільнікаў Лукашэнкі, але і іншых палітыкаў, іх праграмы.
«Няўпэўненая ў сваёй падтрымцы, улада стварае магчымасці для падтасовак.
Вядомы ў мінулым дыктатар сказаў: не важна, як галасуюць, важна, хто лічыць. У выбарчыя камісіі ўлады не ўключылі прадстаўнікоў апазіцыі. Выбары не з’яўляюцца ні свабоднымі, ні сумленнымі. У гэтых умовах [Аб’яднаная] грамадзянская партыя пачала кампанію за сумленныя, свабодныя выбары. Мы далучаемся ўсе да байкоту», — заявіў кандыдат у дэпутаты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?