Магчымасць зрабіць крок убок ад звычайнага ямачнага рамонту вуліц з’явілася пасля ўступлення ў сілу Тэхнічнага кодэкса практыкі 271–2010, лічыць намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні ДВА «Гаррамаўтадар» Анатоль Жамоздзік. Дакумент прадугледжвае замену верхняга пласта дарожнага пакрыцця падчас рамонту.

Жамоздзік падкрэсліў, што такая замена пакрыцця па эфектыўнасці блізкая да капітальнага рамонту праезнай часткі, але абыходзіцца бюджэту танней. Бо пры правядзенні бягучага рамонту, у адрозненне ад капітальнага, не трэба рыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю. Акрамя таго, замена бартавога каменя ў час бягучага рамонту праводзіцца часткова, што таксама робіць працы больш таннымі.

— Сёлета бягучы рамонт з заменай верхняга пласта пакрыцця, частковай заменай борта і вышыннам рэгуляваннем дажджапрыёмных студняў правялі на 8 вуліцах, цяпер работы працягваюцца на праспекце Дзяржынскага (ад 2-га завулка Розы Люксембург да плошчы Багушэвіча), вуліцах Машынабудаўнікоў, Панамарэнкі і Мантажнікаў, — сказаў намеснік гендырэктара «Гаррамаўтадара». — У ходзе рамонту на праезнай частцы транспартных артэрый было выкладзена больш за 200 тысяч квадратных метраў новага пакрыцця.

Акрамя вуліц бягучы рамонт з поўнай або выбарачнай заменай верхняга пласта асфальту праходзіць на дзесяці мастах і пуцеправодах. Усе працы плануюць завяршыць да халадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?