ААТ «Беларуськалій» можа распрацоўваць Петрыкаўскае радовішча калійных солей без прыцягнення знешніх крыніц фінансавання. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 475 ад 18 кастрычніка 2012 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гэтым дакументам унесена змяненне ва ўказ № 37 ад 17 студзеня 2012 года. З яго выключаны пункт, згодна з якім прыцягненне знешніх крыніц фінансавання ў памеры 50% кошту інвестыцыйнага праекта будзе ажыццяўляцца без давання гарантый урада Беларусі.

Як паведамлялася, згодна з указам № 37, інвестпраект па прамысловай распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных солей будзе рэалізаваны ў 2012–2021 гадах з мэтай пашырэння вытворчасці калійных угнаенняў. У прыватнасці, у Гомельскай вобласці плануецца пабудаваць горна-абагачальны комплекс магутнасцю не менш чым 1,5 млн. тон хларыду калію за год.

На падставе вынікаў праведзенага конкурсу па выбары інвестара рэалізацыя названага інвестыцыйнага праекта будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заключаным у трохмесячны тэрмін пасля падпісання ўказа інвестыцыйным дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і ААТ «Беларуськалій».

Нетры для распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных солей даюцца на 50 гадоў на платнай аснове. На працягу 12 месяцаў з дня заключэння інвестыцыйнага дагавора ААТ «Беларуськалій» належыць выплаціць у бюджэт разавы плацеж за права карыстання нетрамі і кампенсаваць панесеныя дзяржавай затраты на правядзенне геолагаразведачных работ у 146,5 млн. долараў і 20,7 млн. долараў адпаведна.

У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ААТ «Беларуськалій» створыць адкрытае акцыянернае таварыствы з наступнай перадачай дзяржаве 50% яго акцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?