Германія вельмі ўважліва будзе сачыць за тым, якія эканамічныя прапановы прадставяць беларусы ў межах VII Беларускага інвестыцыйнага форуму. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску Вальфрам Маас.

«Існуе шэраг мерапрыемстваў, спроб прыцягнуць, зацікавіць нямецкія прадпрыемствы Беларуссю. Але, зразумела, лепшы варыянт — гэта калі Беларусь сама зможа пераканаць іншых у тым, што найлепшым месцам для эканамічнай дзейнасці з’яўляецца менавіта яна», — заключыў пасол Германіі.

Паводле слоў Мааса, для актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаве, акрамя стварэння прававых межаў, трэба звярнуць увагу на ўмовы для патэнцыяльных капіталаўкладанняў у краіне. Пасол, у прыватнасці, указаў на важнасць такіх аспектаў прававой дзяржавы, як надзейнае правасуддзе і палітычная стабільнасць.

У Германіі, заўважыў Маас, дзяржава аказвае мінімальны ўплыў на ўзаемаадносіны паміж прадпрыемствамі. «Што да канкрэтных эканамічных праектаў, тое ўсе рашэнні прымаюць непасрэдна самі прадпрымальнікі», — сказаў ён.

Атрыманню неабходнай для дзелавых кругоў інфармацыі спрыяюць Дні нямецкай эканомікі, якія пасольства Германіі наладжвае штогод, адзначыў Маас. «Мэтай гэтага мерапрыемства з’яўляецца прыцягненне сюды нямецкіх прадпрымальнікаў, каб даць ім магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі, якія ўжо ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Беларусі, каб ад іх пачуць, якія рэчы тут можна добра развіваць, а дзе патрабуюцца паляпшэнні», — сказаў дыпламат.

Адказваючы на пытанне аб тым, якія сферы беларускай эканомікі могуць уяўляць цікавасць для нямецкага бізнесу, Маас адзначыў: «Калі разважаць над тым, арганізацыя якой вытворчасці магла б быць найболей мэтазгоднай тут, то, вядома ж, трэба задумацца над пытаннем, якіх рэсурсаў тут больш, чым у іншых месцах.

Будучы прафанам у гэтай галіне з прычыны майго кароткага знаходжання ў Беларусі, магу назваць толькі дзве сферы, дзе можна сабе ўявіць цікавыя магчымасці вытворчасці ў вашай краіне. Гэта харчовая прамысловасць і, зыходзячы з добрага ўзроўню адукацыі і добрых прамысловых традыцый у Беларусі, машынабудаванне. Мне здаецца, што такая вытворчасць была б тут больш эфектыўнай, чым у іншых месцах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?