26 красавіка каля будынку беларускага пасольства ў Маскве (Марасейка, 17/6) адыбыўся мірны пікет, прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяраў радыяцыйных аварый і катастроф.

У гэты дзень 21 год назад здарылася найбуйнейшая трагедыя на Чарнобыльскай АЭС, якая забрала жыцьці тысяч людзей і сталася адной з самых жахлівых тэхнагенных катастроф у сьвеце. Беларусь фактычна прыняла на сябе асноўны яе ўдар — на тэрыторыі рэспублікі асела каля 70% радыеактыўнага выкіду. З таго самага дня Чарнобыль стаў сымбалем нацыянальнага гора для беларускага народу.

Аднак, нягдедзячы на гэта, па словах пікетоўцаў, урад Беларусі, у прыватнасьці прэзыдэнта Лукашэнку, не абыходзяць наступствы глябальнай аварыі Чарнобылю. На беззаганным вонкавым баку расквітнелай краіны такі цень недарэчны. Беларускія грамадзяне, якія стаміліся маўчаць і вырашылі выказаць сваю нязгоду з афіцыйнай пазыцыяй, а таксама расейцы, якія спачуваюць агульнай бядзе, разгарнулі транспаранты ў цэнтры Масквы з датамі, якія сталі для сьвядомай часткі грамадзтва жалобнымі.

Нейкім часам раней у Менску пачалося традыцыйнае жалобнае шэсьце — «Чарнобыльскі Шлях».

— Мы салідарныя з «Чарнобыльскім Шляхам» і ўсяляк падтрымліваем кожнага, хто выйшаў сёньня на менскія вуліцы ў знак нязгоды зь існым рэжымам, — кажа адзін з актывістаў пікету. — Мы дужа спадзяемся на тое, што перамены на лепшае блізкія і нашая дзяржава будзе надаваць нашмат больш увагі чарнобыльскім праблемам, пра што неаднакроць заяўлялі дэмакратычныя сілы Беларусі».

У Маскве да пікетоўцаў пад нацыянальнымі сьцягамі падыходзілі зацікаўленыя маўклівым сходам мінакі, нягучна перамаўляліся, уважліва чыталі ўлёткі і дзякавалі за тое, што тыя не баяцца шчыра казаць пра праблемы, вырашыць якія ў сябе на радзіме папросту немагчыма.

— Мы стаміліся трываць гэта ўсё. Студэнтаў разьмяркоўваюць працаваць у забруджаныя раёны, гэтую зону паступова забудоўваюць жыльлём, а ў нас няма элемэнтарнай магчымасьці выказацца, падаць ноту пратэста, сказаць, што мы нязгодныя з тым, што дзеецца ў нашай роднай краіне», — кажа адзін з арганізатараў пікету. Многія масквічы, якія яшчэ пару хвіль таму сьпяшаліся дахаты, заставаліся і далучаліся да пікету.

Тут не было адмыслова адрэпэтаваных прамоваў, паказальных пералічэньняў чатырох тысяч імёнаў і абяцаньняў ніколі й нікога не забываць. Боль страты і словы, якіх у такія моманты заўжды не стае, — усё гэта засталося ў душы тых, хто запальваў сьвечкі, каб ушанаваць памяць пра загінулых ад катастрофы і каб у чарговы раз папрасіць выбачэньня. А 20:00 была аб’яўленая хвіліна маўчаньня, якая цягнулася больш за паўгадзіны. Але наўрад ці каму яна падалася задоўгай…

Тэкст і фота — Андрэй Новікаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0