Сэр Салман Рушдзі

Сусьветна вядомы пісьменьнік быў ушанаваны Елізаветай ІІ «за ўнёсак у літаратуру».

«Ушанаваньнем ненавіснага адступніка брытанскія дзяржаўныя дзеячы абражаюць пачуцьці мусульман і ўздымаюць супраць сябе сьвет ісламу», — заявіў у нядзелю журналістам афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Ірана Махамад Алі Хасэйні.

Ураджэнец Індыі, 59‑гадовы Рушдзі напісаў 13 кніг. Слава прыйшла да яго пасьля чацьвёртага па ліку раману «Сатанінскія вершы». Твор апісвае касьмічную бітву між Дабром і Злом і спалучае ў сабе элемэнты фэнтэзі, філязофскія разважаньні й фарс.

Кніга была тут жа адрынутая ісламскім сьветам, паколькі аўтар, на думку багата якіх мусульман, незвычайным і непаважлівым чынам выказаўся пра прарока Мухамэда.

На наступны год аятала Хамэйні выдаў фатву — рэлігійнае прадпісаньне, у якім аб’явіў забойства «адступніка» абавязкам кожнага прававернага мусульманіна і прызначыў за ягоную галаву ўзнагароду ў суме, прыблізна роўнай 2,8 мільёна даляраў.

Шмат хто мяркуе, што канфлікт вакол Рушдзі й ягонага раману адлюстраваў падставовыя адрозьненьні ў стаўленьні да свабоды творчасьці і выражэньня думак між ісламскай і заходняй лібэральнай цывілізацыямі.

Рушдзі быў вымушаны хавацца дзевяць гадоў і вярнуўся да нармалёвага жыцьця толькі тады, калі іранскае кіраўніцтва пасьля сьмерці Хамэйні афіцыйна адмовілася ад падтрымкі фатвы.

Аднак некаторыя іранскія клерыкі па‑ранейшаму заяўляюць, што фатва ня можа быць адменена ніякай уладай, і мяркуюць, што забойства Рушдзі было б багаўгоднай справай.

Паводле BBC Russian

Глядзі яшчэ:
Гюнтэр Грас. Адкрыты ліст да Салмана Рушдзі
Салман Рушдзі: Чалавек з фэтвай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0