21 чэрвеня ўступае ў сілу рашэнне Савета міністраў Еўрасаюза аб выключэнні Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый (ГСП).

Генеральная сістэма прэферэнцый — гэта шэраг мытных ільготаў, якія прадастаўляюцца краінам, што сталі на шлях развіцця, з боку развітых краін. Пад краінамі, што сталі на шлях развіцця, у дадзеным выпадку разумеюцца 77 краін паводле класіфікацыі ААН, дзяржавы былога СССР, краіны былога сацыялістычнага лагера, якія пакуль не ўступілі ў ЕС, і Кітай. Гандлёвымі прэферэнцыямі карыстаюцца дзяржавы, дзе выконваюцца правы чалавека, у тым ліку правы прафсаюзаў.

Рашэнне аб выключэнні Беларусі з ГСП было прынята 20 снежня 2006 года з адтэрміноўкай уступлення ў сілу на паўгода. Гэты тэрмін даваўся ўраду Беларусі для выканання рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) па ліквідацыі парушэнняў правоў прафсаюзаў. У выпадку ліквідацыі гэтых парушэнняў рашэнне ЕС магло быць адменена.

Па выніках Міжнароднай канферэнцыі працы, што праходзіла ў Жэневе з 30 мая па 15 чэрвеня, Беларусь у пяты раз была ўнесена ў спецпараграф даклада МАП. Камітэт па нормах і стандартах МАП канстатаваў «адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў на свабоду асацыяцый у Беларусі». Камітэт выказаў занепакоенасць з нагоды падрыхтаванага беларускім урадам законапраекта аб прафсаюзах і рэкамендаваў прывесці артыкулы дакумента ў адпаведнасць з канвенцыямі і рэкамендацыямі МАП.

Калі Беларусь выканае свае абавязацельствы як член МАП і сітуацыя з правамі прафсаюзаў палепшыцца, пытанне аб вяртанні гандлёвых прэферэнцый можа быць вырашана на працягу некалькіх тыдняў, заявілі БелаПАН у Еўракамісіі. Савет ЕС можа перагледзець рашэнне на аснове рэкамендацыі Еўракамісіі.

Працэдура прыпынення гандлёвых прэферэнцый для Беларусі была ініцыявана Саветам ЕС у жніўні 2005 года ў сувязі з інфармацыяй аб невыкананні ў краіне правоў прафсаюзаў. З прапановай увесці эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў Еўрасаюз неаднаразова звярталіся міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі. Расследаваннем фактаў парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі займаліся камісіі, спецыяльна створаныя ў межах МАП і ЕС. Абедзве камісіі пацвердзілі інфармацыю аб парушэннях. Па выніках расследавання камісія МАП распрацавала 12 рэкамендацый беларускаму ўраду для паляпшэння сітуацыі.

Раней гандлёвыя прэферэнцыі Еўрасаюз адмяняў толькі для Бірмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?