«Нашы людзі сярод улады». Павел Латушка выказаў сваё меркаванне аб ключавых фігурах у атачэнні Лукашэнкі

На канале «TOK/TOLK» адбылася вялікая размова з Паўлам Латушкам.

13.03.2023 / 19:25

Павел Латушка ў студыі TOK/TOLK. Скрыншот відэа

«Гэта той чалавек, які хоча падабацца і выконваць волю толькі аднаго» — так характарызуе Павел Латушка старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлю Качанаву.

Ён таксама дадае, што яна будзе рабіць усё, што ЁН захоча. Калі скажа забіваць, яна пойдзе забіваць. Гэта жахлівы чалавек. Калі хтосьці кажа, што будзе лепш, калі замест Лукашэнкі будзе Качанава, то ён памыляецца. Нічога лепш не будзе. Качанава вельмі ганарлівая, ставіцца да людзей пагардліва, не паважае іх.

Наталля Качанава

На думку Латушкі, у стратэгіі Крамля існуе варыянт пераходу ўлады да Качанавай. Расія, як і ўсе буйныя дзяржавы, прапрацоўвае розныя варыянты і стратэгіі. Ёсць галоўны варыянт, на які Расія звяртае асноўную ўвагу, — поўная анексія Беларусі. Але ёсць і запасныя. У якасці такога варыянта можа быць пераход улады да Наталлі Качанавай. Яна прарасійскі, прарускі чалавек.

«Малайчына, добра працуе!» — Латушка пра Эйсмант

Наталля Эйсмант

Латушка заўважыў, што прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант прысутнічае на вячэрах у Лукашэнкі ў нядзелю. І на гэтых вячэрах прыдумваецца рознае. Напрыклад, гвалт у адносінах да дваравых актывістаў. Эйсмант у гэтым удзельнічае і ў далейшым будзе глядзець у рот Лукашэнку. Але час ад часу, назіраючы за тым, як яна падае інфармацыйную палітыку, ствараецца ўражанне, што гэта наш чалавек, бо, з медыйнага пункту гледжання і прапаганды, ёю ствараецца такі дурны вобраз Лукашэнкі.

«Малайчына, добра працуе», — іранізуе пра Эйсмант Павел Латушка.

«Анатоль Глаз ловіць хайп».

На думку Латушкі, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз задаволены тым, што трапіў на тэлебачанне. Гэтую магчымасць ён хоча выкарыстаць для сябе. Яму ўсё падабаецца, Глаз прыдумвае нейкія дзіўныя пасты ў інстаграме, дзе ўпраўленне інфармацыі танцуе. З гэтага ён ловіць хайп. Для дыпламатаў старой школы, да якой адносіць сябе Латушка, такія паводзіны выглядаюць жахлівымі.

Але, адзначае Латуша, Глаз — сын вядомага ў мінулым дзеяча наменклатуры і не такі просты, якім можа здавацца.

Анатоль Глаз. Фота: tvr.by

Калі Латушка працаваў амбасадарам у Польшчы, Анатоль Глаз быў адказным за адносіны з Польшчай. Дзякуючы сувязям, ён меў магчымасць непасрэдных кантактаў з сакратарыятам Рады бяспекі. Як вядома, у адносінах з Польшчай заўсёды былі складаныя пытанні. КДБ вёў вайну з Польшчай дыпламаты заўсёды спрабавалі неяк выйсці з гэтай сітуацыі. Анатоль Глаз дапамагаў гэтыя пытанні вырашаць. І на той момант здавалася, што ён робіць кар'еру нармальнага класічнага дыпламата, які будуе адносіны, а не разбурае.

Сёння ён, як Наталля Эйсмант, стварае адпаведны вобраз Лукашэнкі. Лепш не прыдумаеш. «Нашы людзі сярод улады», — іранізуе Латушка.

Вальфовіч — «гэты чалавек будзе выконваць тое, што трэба Расійскай Федэрацыі»

Латушка заўважыў, што, аналізуючы псіхалагічны вобраз дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіча, можна сказаць, што гэта баязлівы чалавек. У крытычны момонт яму будзе цяжка прымаць рашэнні. І гэта будзе той момант, калі з ім можна будзе паспрабаваць паразмаўляць. Гэта не пытанне дыялогу. Галоўнае — не дапусціць чагосьці горшага, чаго ніхто не хоча, напрыклад, сутыкненняў грамадзянскага характару, кажа Латушка.

Аляксандр Вальфовіч

Для Латушкі Вальфовіч — «рускі генерал, які сядзіць у структурах улады Лукашэнкі і прадстаўляе рускія інтарэсы. І вось, ацэньваючы яго з гэтага пункту гледжання, Вальфовіч атрымае вельмі моцную падтрымку з боку Расіі. Ён будзе выконваць тое, што трэба Расійскай Федэрацыі. Ён заўсёды будзе выбіраць яе інтарэсы».

Ігар Сергеенка — інтэлігент у пагонах

Гаворачы пра кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сергеенку, Латушка згадвае, што на пачатку 2010-х Сергеенка быў першым намеснікам старшыні КДБ і адказваў за міжнародныя адносіны. У той час была лібералізацыя з Еўрапейскім саюзам і ён быў той асобай, якая здымала праблемы. КДБ заўсёды іх ствараў. МЗС спрабавала знаходзіць выхады. Сергеенка стараўся знаходзіць кампрамісы, каб не напружваць адносіны з пэўнай краінай ці з Еўрасаюзам у цэлым.

Ігар Сергеенка. Фота: Wikipedia Commons

Латушка адзначае, што Сергеенка працаваў у інтарэсах Беларусі. Падавалася, што гэта такі «інтэлігент у пагонах», кажа Латушка. Цяпер ён лічыць такое ўражанне «ілюзіяй».

«Мы жылі ў іншым свеце, у самападмане. Той свет ужо не існуе. Адпаведна, і ацэнкі ўсе змяніліся», — заўважае Павел Латушка.

Nashaniva.com