У Акадэміі навук Беларусі абмеркавалі, колькі настаўнікі павінны плаціць за абеды ў школах. Прыдумалі цікавую схему

Раней выкладчыкі некаторых школ паведамлялі, што ім забаранілі купляць ежу ў сталовых, дзе харчуюцца вучні. Цяпер у Акадэміі навук Беларусі абмеркавалі пытанні харчавання ў школах дзяцей і настаўнікаў на паседжанні міжведамаснай каардынацыйнай рады па праблемах харчавання, паведамляе Sputnik.

23.03.2023 / 12:30

 У АН абмеркавалі харчаванне настаўнікаў у школах. Фота: Станіслаў Лабаты / Sputnik

«З пачатку гэтага года абмяркоўваюцца пытанні аб арганізацыі харчавання настаўнікаў у школьнай сталовай. Пытанне — колькі настаўнікі павінны плаціць за абед?» — звярнуў увагу адзін з дакладчыкаў, прафесар кафедры таваразнаўства і арганізацыі гандлю БДУТ Сяргей Масанскі.

Паводле яго слоў, зараз абмяркоўваюцца цэнавыя каэфіцыенты для настаўнікаў, якія знаходзяцца з дзецьмі ў сталовай падчас абеду (часцей за ўсё гэта класныя кіраўнікі), і для іншых педагогаў.

«Калі яны будуць плаціць столькі ж, як школьнікі, то гэта разглядаецца як неабгрунтаваная льгота. У нас ёсць прапанова. Разглядаем гэта такім чынам: для настаўнікаў, якія знаходзяцца непасрэдна з дзецьмі ў сталовай за адным сталом падчас абеду, каэфіцыент будзе 1,0 — гэта значыць харчаванне за тую ж цану, як і для школьнікаў», — адзначыў ён.

Для ўсіх іншых настаўнікаў, не занятых з дзецьмі ў абедзеннай зале, прапануецца ўстанавіць каэфіцыент 1,3.

«Для інфармацыі скажу: зараз школьны абед для старэйшых школьнікаў каштуе да 2 рублёў. Але ў першым выпадку настаўнік займаецца педагагічнай выхаваўчай працай, гэта значыць фармаваннем у дзяцей правільных харчовых паводзінаў.

Па досведзе Нямеччыны, Швецыі і Фінляндыі, настаўнікам выдаткі на абед кампенсуе дзяржава. Або час, праведзены ў сталовай з вучнямі, залічваецца ў якасці дадатковай педагагічнай нагрузкі«, — канстатаваў Масанскі.

Раней настаўнікі з шэрагу школаў паведамлялі, што ім забаранілі купляць ежу ў сталовых, дзе харчуюцца вучні. Прычына ў тым, што цэны на школьныя абеды субсідуюцца, і яны ўстаноўлены менавіта для дзяцей.

Пазней Мінадукацыі заявіў, што праблем з харчаваннем настаўнікаў няма ні ў адной школе краіны, і назваў гэта фэйкам. Кіраўнік ведамства Андрэй Іванец у сваю чаргу анансаваў прыняцце папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, якая ўстанаўлівае ўсе ўмовы для такога харчавання. Аднак кошт абеду будзе «з невялікім падвышаючым каэфіцыентам».

Nashaniva.com