Па просьбе ЗША Украіна адклала «юбілейныя» атакі на Расію — Washington Post

Украінская разведка планавала масавыя ўдары па Маскве ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага, але адмовілася ад гэтага па просьбе ЗША.

24.04.2023 / 14:10

Ілюстратыўны здымак.

Як паведамляе амерыканскае выданне The Washington Post, гэта гаворыцца ў сакрэтным дакладзе Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША, які трапіў у сеціва. Паведамляецца, што ва Украіне нават разважалі аб марскім удары з выкарыстаннем трацілу па чарнаморскім партовым горадзе Наварасійск.

«Кіраўнік ваеннай разведкі Украіны Кірыл Буданаў планаваў смелыя ўдары ў глыбокім тыле ворага, што выклікала турботу афіцыйных асоб у Вашынгтоне. У лютым, калі да першай гадавіны ўварвання Расіі ва Украіну заставаліся лічаныя дні, афіцыйныя асобы ў Кіеве былі занятыя распрацоўкай планаў нападу на Маскву. Генерал-маёр Кірыл Буданаў даручыў аднаму са сваіх афіцэраў «падрыхтавацца да масавых удараў 24 лютага… усім, што ёсць у распараджэнні ГУР», — гаворыцца ў матэрыяле.

Чыноўнікі ў Вашынгтоне таемна назіралі за планамі ўкраінцаў, а ў Белым доме баяліся, што атакі ўнутры Расіі могуць справакаваць агрэсіўны адказ Крамля.

22 лютага, за два дні да гадавіны ўварвання, ЦРУ распаўсюдзіла новы сакрэтны даклад: ГУР «па просьбе Вашынгтона пагадзіўся адкласці ўдары» па Маскве.

Гэтая інфармацыя стала часткай масіва сакрэтнай інфармацыі, якая пратачылася ў сетку нядаўна, але з яе незразумела, хто менавіта ўмяшаўся і чаму ўкраінцы пагадзіліся адступіць.

Кіраўнік ГУР Украіны Буданаў: Ядзернага ўдару пасля дэакупацыі Крыма не будзе, расійская прапаганда ўжо рыхтуецца да яго страты

Украіна збіралася напасці на расійскія войскі ў Сірыі — WP

Nashaniva.com