Расійскія вайскоўцы ў Сірыі. Фота: Russian Defence Ministry Press Office / TASS

Расійскія вайскоўцы ў Сірыі. Фота: Russian Defence Ministry Press Office / TASS

У 2022 годзе Украіна планавала напад на расійскі кантынгент войскаў у Сірыі, аднак не распачала рэалізацыю сваіх планаў. Пра гэта паведаміла выданне The Washington Post са спасылкай на чарговую порцыю злітых сакрэтных дакументаў Пентагона. 

У дакументах сказана, што Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) Украіны займалася «агрэсіўнай падрыхтоўкай дыверсій, ліквідацый і дэстабілізуючых дзеянняў» на кантраляваных Расіяй тэрыторыях Сірыі з прымяненнем беспілотнікаў і наземных аперацый, выкарыстоўваючы курдаў і сірыйскія апазіцыйныя ўзброеныя фарміраванні.

Мэтай дадзеных мерапрыемстваў было нанясенне адчувальнай шкоды ў расійскім тыле і прымушэнне Расіі да перамяшчэння часткі сваіх войскаў з Украіны ў Сірыю (а не наадварот, як гэта адбывалася раней).

«Украінскія афіцэры разглядалі магчымасць навучання чальцоў Сірыйскіх дэмакратычных сіл (SDF) — вайсковых сіл паўночна-ўсходняй аўтаноміі Сірыі, якая кантралюецца курдамі — для нанясення ўдараў па расійскіх аб'ектах і правядзення «нявызначаных дзеянняў» з дапамогай БПЛА», — гаворыцца ў дакументах.

Ва ўцечках таксама сказана, што Сірыйскія дэмакратычныя сілы патрабавалі ад Украіны гарантый захавання іх удзелу ў падобных аперацыях у поўным сакрэце, аднак аб планах даведалася Турцыя, якая з'яўляецца непрымірымым супернікам курдскіх фарміраванняў.

Але Турцыя не стала перашкаджаць планам Украіны і рэкамендавала той здзяйсняць свае напады з тэрыторый і пры дапамозе тых сіл, якія ніяк не злучаны з Турцыяй, каб не выклікаць на сябе «зваротны гнеў Масквы». Турцыя хацела, каб Расія потым нанесла ўдар у адказ менавіта па курдах, што таксама адпавядае турэцкім мэтам. 

«У канчатковым выніку, паводле дакументаў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў канцы снежня 2022 года загадаў адмяніць рэалізацыю падобных планаў нападу. Гэта магло быць выклікана як унутранымі праблемамі на стадыі падрыхтоўкі, так і ўмяшаннем ЗША, якія не хацелі ўскладняць уласныя аперацыі ў рэгіёне», — піша The Washington Post.

Акрамя гэтага, у дакументах таксама расказваецца аб раней невядомым інцыдэнце, калі восенню мінулага года расійскія СПА ў Сірыі абстралялі і ледзь не збілі амерыканскі беспілотнік MQ-9 (адзін з беспілотнікаў гэтай жа мадэлі быў раней збіты Расіяй у акваторыі Чорнага мора непадалёк ад Крыма).

Што за аперацыі Украіна планавала ў Сірыі?

Згодна з уцечкамі, Украіна збіралася атакаваць расійскі марскі порт у Тартусе, аэрапорт Басель аль-Асад у Латакіі, а таксама расійскую ваенную авіябазу Хмеймім — галоўны апорны пункт Расіі ў Сірыі.

Акрамя гэтага ўкраінская вайсковая выведка планавала напасці на кантраляваныя Расіяй нафтагазавыя радовішчы ў цэнтральнай Сірыі, каб пазбавіць Маскву дадатковых даходаў для фінансавання вайны супраць Украіны.

У спісе патэнцыйных мэтаў для нападу таксама былі найміты з ПВК «Вагнер» і звязаны з імі сірыйскі газавы завод «Джыхар» каля горада Пальміра.

«Усе гэтыя аперацыі апісваюцца ў сакрэтных дакументах з пазіцыі ўзроўню іх патэнцыйнай шкоды для Расіі і верагоднасці больш агрэсіўнага зваротнага ўдару з яе боку», — адзначае The Washington Post.

Украінскае кіраўніцтва пакуль ніяк не пракаментавала інфармацыю з амерыканскіх уцечак, а кіраўнік ГУР Украіны генерал-маёр Кірыла Буданаў ад каментароў увогуле адмовіўся.

Чытайце таксама:

Беларусь дала зброю ПВК «Вагнер», а Кітай адмовіў — Financial Times

У злітых сакрэтных дакументах ЗША тлумачыцца дыверсія ў Мачулішчах

Са зліваў сакрэтных дакументаў стала вядома, у колькі чалавек ФСБ ацэньвае страты Расіі ва Украіне

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2