Пасля працяглага маўчання прапагандыстка Сіманьян выказалася наконт мяцежа вагнераўцаў

Маргарыта Сіманьян учора ўвечары ўпершыню адрэагавала на сітуацыю з ПВК «Вагнера». Звычайна актыўная ў сетках, яна нічога там не пісала з 19:21 23 чэрвеня. 

26.06.2023 / 08:22

Маргарыта Сіманьян. Скрын відэа

Пакуль Прыгожын ішоў на Маскву, Сіманьян маўчала, што «нават спарадзіла чуткі, а ці не здарылася з ёй раптам чагосьці дрэннага», іранізуе «База».

Увечары 25 чэрвеня з’явілася відэа з кіраўніцай RT са студыі Уладзіміра Салаўёва. Там Сіманьян крыху патлумачыла сваё маўчанне.

«Не бывае добра ў грамадзянскай вайне. І нармальны чалавек, ён не за белых і не за чырвоных — ён за грамадзянскую згоду і супраць грамадзянскай вайны. Таму што калі мы ўсе, нармальныя людзі, гаворым пра сітуацыю з Украінай і з NATO, што мы за мір пасля перамогі, — гэта, калі мы змагаемся з ворагам. Таму што з ворагам можа быць мір пасля перамогі. А калі ты змагаешся з братам, ніякай перамогі быць не можа ні ў каго. Брат на брата — гэта вайна без магчымасці перамогі», — сказала яна.

Акрамя таго, яна выступіла з абаронаю рашэння адпусціць без пакарання кіраўніка ПВК Яўгена Прыгожына (прытым што Пуцін абяцаў, што ніхто з мяцежнікаў без пакарання не застанецца).

«Цяпер шмат абмяркоўваюць: вось завялі крымінальную справу, а потым адпусцілі [Прыгожына], зʼехаў у Беларусь — гэта ж насмешка над юрыдычнымі нормамі. Юрыдычныя нормы — гэта не запаведзі Хрыстовыя і не скрыжалі Майсеевы. Іх пішуць людзі, каб яны абаранялі правапарадак і стабільнасць у краіне. І калі ў нейкіх выключных крытычных выпадках атрымліваецца так, што яны перастаюць выконваць сваю функцыю, а выконваюць зваротную, то яны ідуць лесам», — сказала Сіманьян.

«Выбар быў паміж дрэнным і жахлівым. Страшней грамадзянскага супрацьстаяння не можа быць нічога, уключаючы ўжо тым больш парушэнне нейкіх юрыдычных нормаў», — дадала прапагандыстка.

Чытайце таксама:

«Гэта прысуд нам усім». Сіманьян паскардзілася, што расійскія выдавецтвы адмовіліся выдаваць зборнік з літарай Z на вокладцы

Маргарыце Сіманьян даслалі загадкавую бандэроль

Расійскі вядучы, які заклікаў тапіць і паліць украінскіх дзяцей, вярнуўся ў эфір

Nashaniva.com