МЗС Беларусі заявіла, што жорстка адрэагуе на дзеянні Вільнюса па закрыцці памежных пунктаў

Рашэнне літоўскіх уладаў аб закрыцці з 1 сакавіка 2024 года яшчэ двух пунктаў пропуску «Катлоўка — Лаварышкі» і «Прывалка — Райгард» і абмежаванні пасажырскіх зносін зʼяўляецца выключна палітычна матываваным крокам, у тым ліку ў рамках электаральных кампаній, якія набіраюць абароты. Так МЗС Беларусі пракаментаваў планы Літвы па закрыцці двух памежных пунктаў пропуску.

22.02.2024 / 15:43

«Пад капірку паўтараюцца дзеянні Польшчы і Латвіі, зробленыя летась у кантэксце выбараў у гэтых краінах. Мэта такіх маніпуляцый адна — штучна стварыць вобраз ворага з суседняй Беларусі <…> Вельмі нязручнай для літоўскіх уладаў застаецца і павелічэнне патоку ўласных грамадзян, якія наведваюць Беларусь па бязвізавым рэжыме і расказваюць праўду аб нашай краіне», — заявілі ў беларускім МЗС. 

У прэс-рэлізе гаворыцца, што абгрунтаванне такога рашэння літоўскім урадам «выклікае ўжо нават не абурэнне, а хутчэй проста ўсмешку».

«Такія прычыны, як небяспека пранікнення мігрантаў і агентаў КДБ у беларускіх аўтобусах, праблемы з чэргамі, якія вырашаюцца шляхам закрыцця пагранпераходаў, аргументы аб тым, што «суседзі ж таксама так робяць», проста не патрабуюць каментароў. Усё гэта, дарэчы, адбываецца на агульнай мяжы ЕС пры маўклівай згодзе Бруселя і іншых краін — членаў Еўрапейскага саюза», — піша прэс-служба МЗС.

У каментары таксама гаворыцца, што «Беларусь будзе вымушана жорстка адрэагаваць на гэтыя вельмі недружалюбныя дзеянні Вільнюса з улікам інтарэсаў сваіх грамадзян і, наколькі гэта магчыма, жыхароў суседніх краін».

«Ізноў заклікаем літоўскі бок адмовіцца ад практыкі дэзынфармацыі ўласнага насельніцтва, парушэння правоў на свабоду перамяшчэння і гандлю, каб дагадзіць сваім палітычным амбіцыям», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Чытайце таксама:

Памежныя пункты Катлоўка і Прывалка на мяжы з Літвой закрываюцца з сакавіка

Наўседа: Месца Пуціна — у Гаагскім судзе

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі харвата — шукаў у нас лепшае жыццё

Nashaniva.com