Супрацоўнікамі праваахоўных органаў затрыманы 31-гадовы мужчына, які падазраецца ў нападзе на пенсіянерак з мэтай рабавання.

Першы эпізод здарыўся раніцай 3 чэрвеня каля дома № 14 па праспекце газеты «Звязда». Невядомы вырваў сумку з рук 75-гадовай жанчыны. У ёй было 280 тысяч рублёў і пасведчанне інваліда.

Праз два дні ўжо каля дома № 10 па гэтым жа праспекце зноў вырвалі сумачку. Гэтым разам ахвярай стала 84-гадовая пенсіянерка. У сумачцы было 80 тысяч рублёў, ключы і дакументы.

Жанчына не разгубілася і стала крычаць. Прахожыя дапамаглі выклікаць міліцыю і паспрабавалі дагнаць налётчыка.
Дагнаць — не дагналі, аднак запомнілі пад’езд, дзе той схаваўся. Там яго і затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і міліцыянеры патрульна-паставой службы.
Як распавёў затрыманы, апошнія чатыры гады ён ужывае наркотыкі, два гады нідзе не працуе. Раней у яго была кватэра ў гэтым раёне, якую ён з даплатай абмяняў на жыллё на Стаўбцоўшчыне.
Калі атрыманыя грошы скончыліся, на электрычцы стаў наведвацца ў Мінск. З працай не атрымлівалася, таму вырашыў рабаваць. Пажылых жанчын у якасці ахвяр выбіраў свядома. Разлічваў, што тыя не будуць аказваць супраціў і не змогуць яго разглядзець і запомніць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?