Тэлеканал Белсат у дзьвюхсэрыйнай дакумэнтальнай стужцы «Праклятыя і забытыя» распавёў пра беларусаў, што супрацоўнічалі з нацыстамі ў часы ІІ Сусьветнай вайны.

Рэжысёр карціны Антось Цялежнікаў пры канцы другой часткі абвяшчае, што дывэрсанты з Дальвіцу насамрэч былі людзьмі, «якія ахвяравалі сваё жыцьцё дзеля мары – вольнай і незалежнай Беларусі». Больш за тое, яны быццам бы былі «беларускімі жаўнерамі», «беларускімі камандас». Маўляў, нямецкі абвэр тут ні пры чым, яны былі ў Беларускай незалежніцкай партыі (БНП) і рабілі беларускую справу.

За Беларусь?

Праўда, раней, у першай частцы Цялежнікаў кажа, што пасьля забойства нацыстамі правадыра БНП ксяндза Гадлеўскага, у 1942 годзе нямецкі абвэр узяў БНП пад кантроль. Якая ж тады беларуская справа?

Супярэчнасьці працягваюцца. З аднаго боку, аўтар праводзіць думку, што дэсантнікі змагаліся за Беларусь і ілюзіяў наконт немцаў ня мелі. З другога, Барыс Рагуля ў другой частцы кажа, што нават напрыканцы вайны, рыхтуючыся да антысавецкага змаганьня, яны з Усеваладам Родзькам мелі на мэце разгарнуць яго, «або калі немцы павернуць назад [зноў на Ўсход] або калі [заходнія] альянты». Нагадаю, гаворка ідзе пра самы канец вайны. Казаць, што беларускія пранацысцкія калябаранты ня ведалі, што плянавалі і што рабілі немцы ў Беларусі – ніяк не выпадае. Нельга сказаць і што немцы моцна зьмянілі сваю расісцкую праграму на той момант — якраз пры канцы вайны раскручваецца махіна жыдоўскага Галакосту.

Хвалёны Вітушка і ягоныя дэсантнікі

І тым ня менш, атрымліваецца, што беларускія пранямецкія нацыяналісты гатовыя былі нават тады працаваць з Бэрлінам. Можа гэта яны пад каўпаком гестапа ў Райху так апартуністычна сябе паводзілі? Ды не — Цялежнікаў распавядае, як дэсантнікі групы Вітушкі, высадзіўшыся ў Беларусі, тут жа пайшлі да… Арміі Краёвай.

Хоць, у адрозьненьне ад той самай Украінскай паўстанцкай арміі, што неяк беларусаў у сваіх праклямацыях часам улічвала, польская Армія Краёва (АК) змагалася за аднаўленьне Другой Рэчы Паспалітай — дзе аніякай Беларусі не прадугледжвалася.

Гадлеўскі ці Жыхар?

Галоўная загана фільма — гэта зьмяшаньне ўсяго з усім. Вось сапраўды моцная ў маральным пляне пазыцыя ксяндза Гадлеўскага, які, ня любячы камуністаў, зразумеў, што нацысты — горшыя. Стаяў на сваім і загінуў за сваё. Вось — нацыянальны герой. Але пра Гадлеўскага Цялежнікаў узгадаў коратка. Затое ці не палову другой сэрыі прысьвяціў расповеду аб прыгодах Яўгена Жыхара на Глыбоччыне – якія нават у фільме, што спрабаваў зрабіць з Жыхара героя, выглядаюць выразна крымінальнымі.

 Жыхар змагаўся з савецкай уладай, тлумачыць фільм. Але прычым тут беларускі нацыяналізм і БНП – не тлумачыцца. Фільм паведамляе адно, што памянёная асоба нібыта была ў беларускіх моладзевых арганізацыях за часы вайны — але што з таго, у іх тады тысячы а тысячы беларусаў былі. Цялежнікаў не прыводзіць ніводнага доказу хоць нейкай ідэйнасьці Жыхара, апроч рабаваньня сельсаветаў і забойства камсамольцаў. Аўтары не хаваюць, што глыбоцкі змагар стварыў банду з крымінальнікаў, займаўся нападамі на «вясковыя касы», ну і як разынку падае колькіхвіліннае апісаньне забойства Жыхарам начальніка крымінальнага вышуку ў 1951 годзе.

Калябарант – панятак ясны

Такога кшталту карціна гісторыі вядзе да дэструкцыйных наступстваў. З аднаго боку, фантастычная карціна — стварэньне пачаткаў беларускага войска пад нямецкай акупацыяй, што не вытрымлівае праверкі фактамі. З другога, рэлятывізацыя маралі. Аднак у Беларусі часоў ІІ Сусьветнай панятак калябарант з пункту гледжаньня інтарэсаў беларускае нацыі як такой — выразны і ясны. Якія б ні былі ў беларусаў крыўды на Саветы — у СССР існавала квазідзяржава Савецкая Беларусь, а бальшавікі ня ставілі мэтай зьнішчэньне беларусаў як беларусаў. Бальшавіцкі тэрор быў масавы, але палітычны, а ня расавы. Немцы ж не хавалі сваіх расавых плянаў – ні ў словах, ні ў дзеях. Пранямецкія беларускія арганізацыі аб'ектыўна служылі нямецкім плянам — генацыду беларусаў. І нічога не мяняе той факт, што гэтыя людзі ў глыбіні душы перажывалі за Беларусь, а раней іх рэпрэсавалі бальшавікі.

Беларускія пранямецкія вайсковыя адзінкі — у тым ліку і школа ў Дальвіцы — былі створаныя тады, калі немцы ўжо гатовыя былі на ўсё, абы адцягнуць паразу. Згодныя калябараваць нават тады, калі немцы не далі рэальнай улады беларускім пранямецкім палітычным органам, не далі нават абяцаньняў незалежнасьці. Яны пайшлі служыць нямецкім катам тады, калі тыя не прапаноўвалі ніякай альтэрнатывы нават той куртатай паўдзяржаўнасьці, якую беларускі народ меў пад Саветамі. Разумеючы, што будзе вынікам нямецкай перамогі.

Каб зразумець марыянэткавасьць беларускіх калябарантаў, прывяду прыклад таго, як японцы ў той вайне стварылі Індыйскае нацыянальнае войска, што ваявала на баку дзяржаў Восі супраць брытанцаў. Токіа пайшоў на стварэньне гэтага своеасаблівага індыйскага БКА на пачатку вайны з ангельцамі, на ўздыме сваёй магутнасьці. Даў сфармаваць дыхтоўныя індыйскія часткі, забясьпечыў прыстойнай зброяй і вышкалам, дазволіў самастойна ваяваць на кавалку фронта. Даў стварыць індыйскі ўрад, абяцаў яму незалежнасьць і сімвалічна перадаў уладу над індыйскімі выспачкамі, якія патрапілі захапіць японцы. У выніку ня тое, што цяпер іх ніхто ня лічыць калябарантамі, нават самі брытанцы пры канцы 1940-х не змаглі асудзіць індыйскіх жаўнераў, што ваявалі на японскім баку.

Вышкаленыя, забясьпечаныя і дэсантаваныя немцамі, Вітушка і астатнія з Дальвіца былі звычайнымі нямецкімі дывэрсантамі-беларусамі. Доказаў таго, што дэсантнікі Дальвіцу ці БНП сапраўды неяк дыстанцыяваліся ад немцаў, у фільме ня знойдзеш.

За што яны змагаліся? Героі фільма зьнішчаюць савецкіх дэсантнікаў у нямецкай Усходняй Прусіі, ваююць на францускім фронце і вывозяць паперы Езавітава з Рыгі. Якое ўсё гэта мае дачыненьне да змаганьня за Беларусь?

Ксёндз Гадлеўскі побач з Бацькам Мінаем

У беларускай гісторыі ёсьць і сапраўдныя героі, і няма патрэбы выграбаць новых зь цёмных старонак кшталту Дальвіца. Антосю Цялежнікаву варта было не ляпіць зь іх герояў, а паказаць трагедыю тых беларускіх актывістаў, што завязьлі ў супрацы зь немцамі. Пракляцьце і забыцьцё было заканамерным наступствам іх дзеяньняў.

Нацыянальны беларускі інтарэс і тады і цяпер там, дзе, умоўна кажучы, «больш Беларусі» — ва ўсіх сэнсах, культурным, гаспадарчым, палітычным. У нацыстаў Беларусі не было. Гэта не азначае, што ў бальшавікоў яе было дастаткова, але менавіта ў БССР фармавалася беларуская нацыя.

 З пункту гледжаньня беларускіх нацыянальных інтарэсаў героі, як і калябаранты, вызначаюцца лёгка. І парадаксальным, але лягічным чынам імі могуць аказацца адначасова і ксёндз Гадлеўскі, і партызанскі камандзір бацька Мінай. Яны трымаліся розных палітычных поглядаў. Але на акупацыю рэагавалі супрацівам. Гэта і ёсьць нацыяналізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?