Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №527, згодна зь якім прадпрымальнікі ў некаторых выпадках абавязаныя будуць адлічаць сродкі ў фонд прэзыдэнта. Такія адлічэньні, у прыватнасьці, прадпрымальнікі абавязаныя будуць рабіць у выпадку, калі іхняя дзейнасьць аказвае непасрэдны ўплыў на гісторыка‑культурную каштоўнасьць.

У прэсавай службе прэзыдэнта таксама патлумачылі, што прадпрымальнікі будуць абавязаныя адлічаць сродкі ў дзяржаўны фонд і ў тым выпадку, калі іх дзейнасьць чыніць шкоду гісторыка‑культурным каштоўнасьцям альбо ўзьдзейнічае на зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка‑культурнай каштоўнасьці.

«Актыўнае разьвіцьцё прадпрымальніцкай дзейнасьці, імкненьне стварыць дадатковыя магчымасьці для абслугоўваньня насельніцтва прыводзіць да нэгатыўнага ўзьдзеяньня на аб’екты гісторыка‑культурнай спадчыны з‑за прытоку вялікай колькасьці людзей, транспарту, стварэньня рознага кшталту дадатковых збудаваньняў», — прывозіць БелТА паведамленьне прэсавай службы кіраўніка дзяржавы.

У прэсавым рэлізе адзначаецца, што ўказ прэзыдэнта ўсталёўвае выпадкі й парадак выплаты адлічэньняў і кампэнсацый, вызначае органы дзяржаўнага кіраваньня, якія ажыцьцяўляюць кантроль і прымаюць адпаведныя захады пры нявыплаце адлічэньняў і (або) кампэнсацый альбо адмовы ад іх выплаты, а таксама парадак абскарджваньня гэтых рашэньняў у выпадку нязгоды зь імі.

Атрыманыя ад прадпрымальнікаў сродкі павінны будуць накіроўвацца ў фонд прэзыдэнта Беларусі па падтрымцы культуры й мастацтва. Паводле рашэньня рады гэтага фонду атрыманыя сродкі «будуць адрасна накіроўвацца на выкананьне мерапрыемстваў па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны», адзначае прэсавая служба.

Паводле Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0