У навучальных установах Магілёва 27 верасня з 9.00 праходзіць галасаванне па выбарах у гарадскі моладзевы парламент. 

Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама, моладзевы парламент фарміруецца пры Магілёўскім гарсавеце ў рамках міжнароднай ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям», да якой абласны цэнтр далучыўся ў лістападзе 2013 года. 

«Мэта стварэння моладзевага парламента — распрацоўка і рэалізацыя сацыяльных праектаў, дзіцячых і моладзевых ініцыятыў», — паведамілі ў гарвыканкаме, адзначыўшы, што ў яго ўвойдуць 75 прадстаўнікоў ад усіх навучальных устаноў горада — сярэдніх школ, ВНУ, ССНУ і ПТВ. У выбарах бяруць удзел усе навучэнцы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, вучні 9—11-х класаў школ, студэнты 1—3-х курсаў магілёўскіх універсітэтаў. 

Нягледзячы на тое, што сёння адзіны дзень галасавання, у некаторых навучальных установах ужо прагаласавалі датэрмінова. 

Кандыдатаў у дэпутаты моладзевага парламента вылучалі самі навучэнцы шляхам збору не менш як 25 подпісаў. У кожнай навучальнай установе былі створаны выбарчыя камісіі ў складзе пяці чалавек з прадстаўнікоў педагагічнага калектыву і органаў вучнёўскага і студэнцкага самакіравання. 

Галасаванне скончыцца сёння ў 15.00. Вынікі выбараў будуць падведзены ў панядзелак, 29 верасня. Першая сесія моладзевага парламента прызначана на 9 кастрычніка ў гімназіі № 3 горада Магілёва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?