Аляксандр Лукашэнка ўнёс змяненні і дапаўненні ў свой указ № 551 ад 28 лістапада 2005 года «Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Новым указам, № 483, з 40 да 50 гадзін павялічваецца час навучання практычнаму кіраванню аўтамабілем пры падрыхтоўцы кіроўцаў механічных транспартных сродкаў катэгорыі В. Пры гэтым аўташколам даецца чатырохмесячны тэрмін для арганізацыі падрыхтоўкі кіроўцаў у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.
Прадугледжваецца абавязковае выкарыстанне з 1 снежня па 1 сакавіка зімовых шын на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 т, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях масай больш за 3,5 т, а таксама аўтобусах масай да 5 т.
Устанаўліваецца таксама абавязак перавозкі дзяцей да 12 гадоў у легкавым аўтамабілі з выкарыстаннем дзіцячых утрымальных прыстасаванняў ці іншых сродкаў, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця пры дапамозе рамянёў бяспекі (акрамя выпадкаў, калі рост дзіцяці перавышае 150 см, а таксама пры перавозцы ў аўтамабілі-таксі).
Змяняецца мінімальная ступень прапускання святла для ветравога шкла транспартнага сродку, пры якой дапускаецца яго ўдзел у дарожным руху, з 75 да 70%.
Да элементаў дарогі аднесены размешчаныя на праезнай частцы дарогі пасадачныя пляцоўкі і астраўкі бяспекі, што дазволіць распаўсюдзіць абавязак уладальнікаў дарог па ўтрыманні элементаў дарог у бяспечным для руху стане на ўказаныя збудаванні.
Акрамя таго, уводзяцца новыя віды дарожнай разметкі для арганізацыі руху веласіпедаў, а таксама для абазначэння кірункаў руху па палосах на скрыжаваннях са складанай канфігурацыяй.
Указ набывае моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Як адзначае прэс-служба, дакумент скіраваны на павышэнне бяспекі дарожнага руху і ўдасканаленне правіл дарожнага руху з улікам практыкі іх прымянення.





