- Што вымушае людзей набываць кватэры ў гэтых жудасных гмахах?

- Чаму «Дзень сурка» зняты ў ЗША, хаця дакладна апісвае вось гэтую мінскую зіму, дзе кожны дзень падобны да папярэдняга?

- Чаму мы думаем, што нашыя дзеці працягнуць справы, якія мы не здолелі скончыць?

- Чаму мы пішам не пра тое, што нас рэальна турбуе, а тое, што турбуе, што баліць, заўсёды застаецца па-за ўвагай?

- Чаму на плошчы Незалежнасці два падземныя пераходы, якія не спалучаюцца адзін з адным? Чаму нельга ўвайсці ля гатэля «Мінск» і выйсці ля метро? Хто гэта прыдумаў? І нашто?

- Чаму ў Мінску ёсць вуліца Амельянюка, а вуліцы Уладзіміра Караткевіча няма?

- Чаму па грыбы можна хадзіць толькі ў ліпені-кастрычніку?

- Навошта нам у сталіцы Рускі драматычны тэатр? Мы што, рускія? І чаму ў нас няма Японскага драматычнага тэатра ці Украінскага драматычнага тэатра?

- Чаму яны не скажуць проста: канцэрт Вайцюшкевіча адмянілі таму, што ў гэтым годзе выбары?

- Чаму мае дрэнныя тэксты чытаюцца лепей за добрыя?

- Чаму асноўныя колеры нашай вопраткі — шэры і чорны? Хіба чырвоная ці зялёная «аляска» выглядала б дрэнна?

- Чаму тэлефоны памерлых людзей не знікаюць самі сабой з тэлефоннай кнігі? Чаму ты ўвесь час натыкаешся на нябожчыкаў, і рукі неяк не падымаюцца іх выдаліць?

- Чаму па тэлевізары паказваюць не тых людзей, якіх хочацца бачыць? А тыя, каго мы рэальна паважаем і прагнем, там не з’явяцца ніколі?

- Чаму людзей з катамі лічаць большымі эгаістамі за людзей з сабакамі? Каты любяць толькі сябе, сабакі любяць сваіх гаспадароў, дык хто тут самалюбны эгаіст?

- Адкуль у сярэдзіне жыцця ў мужчыны з’яўляецца патрэба пажыць аднаму?

- Чаму Лана і Эндру Вачоўскі, аўтары «Матрыцы», знялі такі тупы трэш, які цяпер ідзе ў кіно?

- Чаму ва ўсім свеце кантракты гарантуюць бесклапотную, працаўладкаваную будучыню, а ў нас — страх за яе?

- Чаму дагэтуль у беларускіх гастраномах гандлююць «Кашай сувораўскай»?

- Чаму з нашых гарадоў знікаюць дрэвы? Чаму ўздоўж праспекта Незалежнасці не засталося ліп і каштанаў?

- Чаму кнігі, якія тут выдаюцца, напісаны стылем, а не сэрцам? Чаму састарэлыя «эстэцкія» выпінанні пераважаюць у іх над кранальным? Аўтары і чытачы страцілі патрэбу нешта адчуваць?

- Чаму тут так халодна?

- Чаму жаданне ляпіць снежную бабу ўласцівае толькі дзецям і лічыцца ганебным для дарослых? Гэта ж так захапляльна…

- Чаму, з іншага боку, жаданне кульнуць чарку ганебным для дарослых не лічыцца?

- Чаму яны руйнуюць сталінкі і не чапаюць хрушчоўкі?

- Чаму ў большасці мужчын тут адна прычоска?

- Чаму яны забараняюць насіць навушнікі ў метро але пакідаюць на платформах тэлевізары «БелРосРэкламы»?

- Чаму вымерла мая вёска Барбарова ў Глускім раёне?

- Як так сталася, што самай распаўсюджанай стравай у нашых кавярнях зрабілася піца?

- Адкуль гэтае адчуванне, што тут немагчыма пакінуць след, а ўсё, што ты зробіш, забудзецца, як забылі Грыцанава, Цудзіка, Зелянога?

- Чаму ў тры гадзіны ночы ў Мінску так шмат машын? Хто гэтыя людзі? Што яны робяць у цемры? Якія справы іх? Чым займаюцца, пакуль іншыя спяць?

- Чаму для таго, каб у беларускіх рэстаранах пачалі гатаваць кашу з гарбуза, нацыянальную беларускую страву, трэба, каб яна прыйшла да нас з Масквы ў выглядзе «супу-пюрэ з гарбуза, нацыянальнай гаіцянскай стравы»?

- Чаму ў Мінску ёсць «Макдональдс» і няма «Бургеркінга» ды «Старбакса»?

- Чаму ўсе чулі пра Смаляка і ніхто не чуў пра Славука?

- Чаму большасць мінчукоў болей не адчувае Мінск сваім родным горадам? Хто тут пануе, хто гэтыя людзі?

- Чаму ва ўсіх людзей навокал адзін сотавы тэлефон у некалькіх варыяцыях? Чаму пры гэтым пакупка гэтага тэлефона лічыцца падкрэсліваннем індывідуальнасці?

- Чаму, калі глядзіш на дзяўчат, што шукаюць каханага ў клубе, адчуваеш жаль да іх, а не жаданне падысці пазнаёміцца? Чаму гэты жаль не узнікае ў амерыканскім ці нямецкім начным клубе, дзе тая ж сцэна не прасякнутая відавочнай жыццёвай драмай, што добра чытаецца ў вачах?

- Чаму беларуская «тусоўка» так безгустоўна апранутая?

- Як ім растлумачыць, што васабі не варта мазаць на гунканы?

- Чаму штогод мы чакаем вясны, думаючы пра тое, як будзем сядзець ночы напралёт у яблыневым садзе, як будзем глядзець на водбліск месяца ў вадзе ляснога возера, а калі прыходзіць травень, мы дні напралёт паглыбленыя ў нейкія «справы», што трымаюць нас у задушных чатырох сценках?

- Чаму мы нічога не робім цяпер, калі яны «адбудоўваюць» вежу ў Навагрудку? Тую самую вежу, якую маляваў яшчэ Напалеон Орда?

- Чаму ў беларускіх тэатрах акцёры крычаць там, дзе трэба шаптаць, і смяюцца там, дзе варта плакаць? Чаму публіка пры гэтым не сыходзіць, а нават, бывае, апладзіруе?

- Чаму мы адчуваем сябе адзінокімі, калі глядзім на зорнае неба?

- Чаму пры ўсім багацці пахаў, пры ўсёй прыгажосці ды разнастайнасці Азіі, самы прыгожы водар у свеце — у простага беларускага бэзу?

- Чаму мы памятаем першы пацалунак, хаця ён не заўсёды самы цудоўны і вельмі часта проста выпадковы, з тымі, хто хуценька прабег па тамбуры нашага жыцця?

- Чаму так хочацца зайсці ў адрыну ў памерлай вёсцы Барбарова Глускага раёна, кінуцца тварам у сена і дыхаць, дыхаць, дыхаць? І чаму так сышлося, што гэта якраз тая справа, якую немагчыма здзейсніць болей ні за якія грошы?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру