Класічны ці чорны Чалавек-павук? Класічны. Але нішто не замінае яму быць чорным
Падчас прэс-туру ў падтрымку фільма «Мсціўцы: Эра Альтрона» прадзюсар Кевін Файгі распавёў некаторыя дэталі пра будучы фільм у сусвеце «Чалавека-павука», перадае ScreenCrush.
Чарговы перазапуск «Чалавека-павука» зноў распавядзе гісторыю Пітэра Паркера. Фанаты жа спадзяваліся на экранізацыю гісторыі Майлза Маралеса — чарнаскурага хлопца, які апрануў касцюм павука пасля смерці Паркера.
У новым фільме пакажуць Пітэра Паркера ў яго школьныя гады, ва ўзросце 15-16 год. «Хоць і было ўжо пяць фільмаў, ёсць яшчэ многа рэчаў, якія не паказаныя. Гэта не толькі героі і злодзеі, але і рысы яго (Чалавека-павука — НН) характару», — сказаў Файгі.
Наўрад ці акцёры з папярэдніх фільмаў пра Чалавека-павука падыдуць на ролю юнага Паркера: Эндру Гарфілду ўжо 31 год, Тобі Магваеру — 39. Але канчатковае вырашэнне пра акцёра на галоўную ролю не прынятае. Не выключана, што і Пітэр Паркер можа стаць чарнаскурым.
Як удакладніў Фаргі парталу Crave Online, у перазапуску не стануць зноў распавядаць гісторыю паходжання Чалавека-павука, ужо паказаную на экранах некалькі раз. Па вуліцах Нью-Ёрка ўжо будзе бегаць хлопец у прататыпе касцюма Павука — што было да таго, гледачы і так ведаюць, кажа ён.
Касцюм Чалавека-павука ўжо гатовы. Прадзюсар абяцае, што ён будзе класічным, але непадобным да папярэдніх. Упершыню «перазапушчаны» Чалавек-павук з’явіцца ў фільме «Першы мсцівец: Грамадзянская вайна» (яго здымкі стартуюць 27 красавіка), а затым атрымае ўласны фільм.