У механазборачным цэху № 2 Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў 1 ліпеня загінуў электрык.
Як паведаміў работнік прадпрыемства, няшчасны выпадак здарыўся ў першай палове рабочага дня, калі два электрыкі прыйшлі правяраць генератары токаў высокай частаты. «Аднаго адкінула. Ён быў без прытомнасці, доўга яго рэанімавалі, гадзіны паўтары, але так і не прывялі ў прытомнасць», — расказаў рабочы. Паводле яго слоў, на месца здарэння выязджалі прадстаўнікі Следчага камітэта.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк пацвердзіла інфармацыю аб гібелі чалавека на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Паводле яе слоў, цяпер там працуе следча-аператыўная група, якая высвятляе ўсе дэталі здарэння.





