Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, вядомы пад амерыканскай абрэвіятурай NED, стаў першай «непажаданай арганізацыяй» у Расіі. Адпаведнае рашэнне падпісаў намеснік генпракурора Уладзімір Маліноўскі.

Прынятае рашэнне заснавана на аналізе дзейнасці фонду, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце Генпракуратуры. «Выкарыстоўваючы магчымасці падкантрольных расійскіх камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі удзельнічаў у працы па прызнанні нелегітымнымі вынікаў выбарных кампаній, арганізацыі палітычных акцый з мэтай уплыву на рашэнні органаў улады, дыскрэдытацыі службы ва Узброеных сілах Расеі», — палічыла Генпракуратура.

На думку ведамства, на гэтыя мэты ў 2013—2014 фонд прадаставіў расейскім камерцыйным і некамерцыйным структурам фінансавую дапамогу на суму каля $ 5,2 млн. «Улічваючы агульную накіраванасць дзейнасці фонду, пракуратурай зроблена выснова аб тым, што яна ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу Расійскай Федэрацыі, абараназдольнасці і бяспекі дзяржавы», — адзначаецца ў заяве. Для арганізацыі гэта цягне адмову ў правядзенні аперацый з грашовымі сродкамі і забарону на стварэнне на тэрыторыі Расіі структурных падраздзяленняў арганізацыі. Мінюст у бліжэйшы час унясе арганізацыі ў рэестр непажаданых арганізацый.

Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі ўваходзіць у «патрыятычны стоп-ліст» з 12 замежных няўрадавых арганізацый, зацверджаны 8 ліпеня Саветам Федэрацыі. У спіс таксама ўвайшлі Інстытут «Адкрытае грамадства» (Фонд Сораса), Міжнародны рэспубліканскі інстытут, Нацыянальны дэмакратычны інстытут па міжнародных пытаннях, Фонд МакАртураў, Freedom House, Фонд Чарльза Сцюарта Мотта, Фонд адукацыі для дэмакратыі, Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр, Сусветны кангрэс украінцаў, Украінская сусветная каардынацыйная рада, Крымская палявая місія па правах чалавека. У заяве сенатараў гаварылася, што гэтыя НВА вядомыя сваёй «антырасейскай ангажаванасцю».

Сенатары запатрабавалі, каб Генпракуратура і МЗС праверылі арганізацыі са спісу на адпаведнасць з законам аб непажаданых ў Расіі НДА. Пасля гэтага Фонд МакАртураў прыняў рашэнне сысці з Расіі.

Закон аб «непажаданых арганізацыях» быў прыняты вясной гэтага года і стаў часткай кампаніі па застрашванні расійскай апазіцыі. Пуцінскія ўлады імкнуцца не дапусціць у Расіі народнай рэвалюцыі, якая адбылася ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?