Гарадзенка Настасся заўважыла дзіця ў салоне закрытага аўтамабіля на паркоўцы па вуліцы Будзённага насупраць польскага консульства. Дзяўчынка гадоў 8—9 пакутавала ад спёкі і прасіла мінакоў аб дапамозе.

«На запацелых вокнах дзіця стала пісаць нумар тэлефона маці, але польскі нумар быў недаступны», — распавядае пра выпадак Настасся.

«Шыбы ў «Фальксвагене» з польскімі нумарамі былі наглуха зачыненыя, дзяўчынка паказвала на сваё горла і давала зразумець, што ёй блага. Яна спрабавала націскаць на розныя кнопкі, але шкло не апускалася. Дзіця было мокрым, як пасля душа.

Я паклікала на дапамогу і іншых людзей. Хтосьці з хлопцаў пабег у консульства шукаць бацькоў, а мы сталі тэлефанаваць у «102».

У міліцыі нам паведамілі, што супрацоўнікі выехалі, але прапанавалі тэлефанаваць у МНС, калі трэба ўскрываць аўтамабіль. Праз паўгадзіны падышлі бацькі дзяўчынкі, а таксама яе бабуля і дзядуля. Яны запэўнілі нас, што дзіця спала ў машыне і таму яны не сталі яе будзіць. Тым не менш, па вяртанні, бацька пачаў лаяць дачку».

Настасся кажа, што сумарна дзіця правяло ў машыне ў 28°С спёку не менш за паўтары гадзіны.

«Ні я, ні астатнія людзі, якія спрабавалі дапамагчы дзяўчынцы, не пачулі «дзякуй» ад яе бацькоў. Затое нам падзякавала сама малая!» — кажа яна.

***

«Калі вы бачыце рэальную небяспеку для зачыненага ў машыне дзіцяці — выбівайце шкло»

У міліцыі рэгіёна мяркуюць, што расказаная відавочцамі гісторыя крыху перабольшаная. Так, у 11.15 на 102 паступіў першы і адзіны выклік ад мінака, што ў машыне каля польскага пасольства знаходзіцца дзіця.

— Праз 30 секундаў (!) — і гэта зафіксавана — да месца выкліку прыбыў экіпаж Дэпартамента аховы. Міліцыянеры візуальна ацанілі стан дзіцяці — яно на той момант не выклікала боязі. Літаральна праз 2 хвіліны пасля прыбыцця міліцыі да машыны падышлі бацькі — яны запэўнівалі, што адсутнічалі зусім нядоўга, толькі перадалі дакументы ў пасольства, дзяўчынка ў гэты момант спала ў салоне, таму прынялі рашэнне пакінуць яе на пару хвілін. Мабыць, ад бразгання зачыненых дзвярэй, калі бацькі пакідалі салон, малая і прачнулася, — распавёў прэс-сакратар УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко.

Прадстаўнік міліцыі рэкамендуе тым, хто ўбачыў закрытае ў спёку ў машыне дзіця ў першую чаргу тэлефанаваць у міліцыю, і гарантуе, што ў такіх выпадках бліжэйшы экіпаж будзе неадкладна накіраваны на дапамогу.

- Калі ж мінак упэўнены, што дзіцяці пагражае рэальная небяспека: ён відавочна губляе прытомнасць, «адключаецца» ці ж знаходзіцца ўсярэдзіне аўтамабіля нерухома, на гукі звонку — грук у шкло, крыкі — не рэагуе, ён можа і павінен выбіць шкло, каб неадкладна забяспечыць доступ паветра ў салон. Паралельна з гэтымі дзеяннямі трэба папрасіць іншых мінакоў тэрмінова выклікаць міліцыю і хуткую.

У міліцыі нагадваюць: у падобных выпадках не заставайцеся абыякавымі, але і не гарачыся — калі не можаце адэкватна ацаніць ступень небяспекі для закрытага дзіцяці, тэлефануйце ў міліцыю і МНС.

«На выклікі, дзе небяспека пагражае дзецям, усе службы выязджаюць прыярытэтна, прыбыццё дапамогі - гэта рэальна пытанне секунд ці хвілін», — кажа Дудко.

У МНС, у сваю чаргу, нагадваюць, што ў любой пазаштатнай сітуацыі вы можаце набраць 101 ці 112 і аб'ектыўна апісаць дыспетчару тое, што адбываецца - ён прыме рашэнне аб тым, якую дапамогу накіраваць да месца інцыдэнту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?