12 жніўня былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Мікалай Статкевіч, святкуе сваё 59-годдзе. Калі гэта можна назваць святкаваннем.

У гонар гэтага дня прайшлі адразу некалькі акцый.Яшчэ загадзя праваабаронцы і актывісты запусцілі хэштэг #Sky4Statkievich (Неба для Статкевіча).

«Чарговы Дзень нараджэння ў турме, у адзіночнай камэры. Ён не бачыць ні неба, ні хмар, ні сонца, ні дрэў, не чуе спеваў птушак. У сувязі з гэтым, шэраг недзяржаўных арганізацыяў разам са сваякамі палітвязняў праводзяць акцыю салідарнасці з Мікалаем Статкевічам - # Sky4Statkievich. Якім чынам прыняць удзел? Зрабіце фота неба, хмаркі, сонейка, дрэва і апублікуйце яго ў сацыяльных сетках — Facebook, Twitter, Instagram, паставіўшы спецыяльны хэштэг # Sky4Statkievich і спасылку на петыцыю з патрабаваннем вызвалення Мікалая Статкевіча: change.org/FreeStatkevich

Падпішыце петыцыю, створаную Марынай Адамовіч, жонкай палітвязня, і патрабуйце яго вызвалення: change.org/FreeStatkevich. Апублікуйце інфармацыю аб гэтай акцыі на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Не забывайце: салідарнасць мацней рэпрэсій!», — гаварылася ў паведамленні.

А непасрэдна 12 жніўня ў Празе, у аэрапорце імя Вацлава Гавела, актывісты прыйшлі ў зал чакання з плакатамі «Свабоду палітычным зняволеным Беларусі» і партрэтамі Статкевіча.

Павіншаваць Міколу можа любы чалавек. Для гэтага трэба даслаць тэлеграму па адрасе: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, турма № 4, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?