Сёння апублікавана перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Яе назва «За будучыню незалежнай Беларусі». Раней у СМІ былі апублікаваныя праграмы Таццяны Караткевіч, Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча.
фота Сяргея Гудзіліна
«11 кастрычніка кожнаму з вас трэба будзе выбіраць будучыню. Будучыню сваю, будучыню дзяцей і ўнукаў, будучыня ўсёй Беларусі»!, — адзначаецца на пачатку праграмы.
Ад вашага выбару залежыць многае. Бо па сутнасці сёння перад краінай усяго два шляхі.
Адзін шлях наперад — да захавання стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэння.
Іншы шлях назад — да смуты і хаосу «дзевяностых», бандыцкага капіталізму і дзяльбы ўласнасці, да паслаблення дзяржавы і страты незалежнасці. Гэта шлях рэвалюцыі, крыві і вайны.
Нам нельга страціць тое, што ўжо дасягнута.
Мы за два дзесяцігоддзі незалежнасці зрабілі вельмі многае.
Мы пабудавалі сваю дзяржаву — свабодную і суверэнную Беларусь.
Мы жывем у мірнай, спакойнай, прыгожай, дагледжанай краіне.
Мы стварылі сацыяльную мадэль, якая абараняе простага грамадзяніна. Збераглі грамадства ад алігархаў і бандытаў.
Наша дзяржава вельмі маладая, і наша незалежнасць не ўсім па душы. Наша зямля і наш здабытак, створаныя працай усяго народа, па-ранейшаму вабяць аматараў лёгкай нажывы.
Таму перш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана. Свабоду і незалежнасць Беларусі.
Мір і парадак у краіне.
Дзяржава для народа, у якой жыць нашым дзецям і ўнукам.
Абапіраючыся на гэтыя дасягненні, мы можам рухацца наперад - да матэрыяльнага дастатку, дабрабыту кожнага грамадзяніна і росквіту Беларусі», — пералічваецца ў праграме.
Праграма Лукашэнкі заснавана на наступных прынцыпах: свабода і незалежнасць, мір і парадак, салідарнасць і справядлівасць, праца і дабрабыт.
Праца і дабрабыт уключае ў сябе наступныя пункты: барацьба з інфляцыяй і ростам цэн, новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, прыцягненне інвестыцый і падтрымка бізнэсу, адкрытасць глабальнаму свету.
«Мірнае і шчаслівае жыццё нашых людзей стане галоўным вынікам выканання ўсяго задуманага. Беларусь ўмацуе сваю незалежнасць і зробіць імклівы прарыў у будучыню, — рэзюмуецца ў праграме. — Гісторыя не раз даказвала - адзінства і мэтанакіраванасць ўсяго народа здольныя рабіць цуды».
«Дарагія суайчыннікі! Усе гады на пасадзе прэзідэнта мяне падтрымлівала вера, — гаворыцца ў праграме. — Вера ў Беларусь, у наш народ, у нашу будучыню. Маю працу ацэньваць вам. Магу сказаць толькі адно.
Беларусь — мой лёс. Служэнне ёй - сэнс майго жыцця.
Не было, няма і не будзе ў мяне нічога даражэй за Радзіму. І сёння я цвёрда ведаю.
РАЗАМ мы стварылі незалежную Беларусь!
РАЗАМ мы пераадолеем любыя нягоды!
РАЗАМ мы пабудуем шчаслівае і квітнеючую краіну! Нам няма чаго дзяліць і няма чаго падзяляцца.
Бо БЕЛАРУСЬ У НАС АДНА!





