У сетцы дзіцячых крамаў «Буслік» у Мінску прадаецца дзіцячы набор «Ветлівыя людзі». Гэтае фота ў сваім фэйсбуку апублікаваў Сяргей Бахун.

«Ветлівыя людзі» — гэта назва расійскіх войскаў, народжаная прапагандай пасля акупацыі Крыма ўвесну 2014 года.

Тады, праз унутрыўкраінскі крызіс і няздольнасць адказаць сілай на сілу, рускія захапілі паўвостраў без адзінага стрэлу, на што прапагандысты прыдумалі выраз «Ветлівасць гарады бярэ» і празвалі расійскія войскі без апазнавальных знакаў «Ветлівымі людзьмі». 

Інакш іх называюць «зялёнымі чалавечкамі». Гэта інструмент агрэсіі Крамля.

Але як такі палітызаваны тавар трапіў на паліцы беларускіх дзіцячых крамаў?

Мы датэлефанаваліся ў аддзел рознічнага продажу «Бусліка».

«Мы бярэм унутры краіны, а значыць — сертыфікацыйныя органы робяць усе выпрабаванні. Значыць, ні ў каго пытанняў не ўзнікла, — сказала «Нашай Ніве» начальніца аддзела. — Рознічны продаж павінен адказваць за распаўсюд тавару, які свабодна сюды ўвозіцца і ніякай забароны на яго распаўсюд няма».

Атрымліваецца, што перад тым, як патрапіць на паліцу крамы, гэтая цацка прайшла пастаўшчыка — фірму «Звездное время», і экспертызу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі.

Атрымаць каментарый ад фірмы-пастаўшчыка пакуль не атрымалася, а ў БелДІМ нам сказалі, што спецыялісты аддзела сертыфікацыі працуюць адпаведна з інструкцыямі, у якія ўваходзіць, напрыклад, фізічная бяспека цацак — каб дзіця не падавілася ці не атруцілася фарбай. Бяспека ідэалагічная ў кампетэнцыю правяральшчыкаў не ўваходзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?