Марак, які, як лічылася, выпаў за борт з крэйсера ВМС ЗША ў Філіпінскім моры, тыдзень хаваўся ў машынным аддзяленні карабля, паведамляе CNN.

Старшына Пітэр Мімсі, які служыў на ракетным крэйсеры «Шайло», знік 8 чэрвеня. Меркавалася, што ён зваліўся ў мора.

Пошукі Мімсі 50 гадзін вялі амерыканскія караблі пры ўдзеле Берагавой аховы Японіі. Пасля таго, як знайсці марака не ўдалося, ён быў абвешчаны загінулым, аднак каманда «Шайло» працягнула яго пошукі на борце карабля.

15 чэрвеня Мімсі быў знойдзены ў машынным аддзяленні крэйсера, дзе ён, паводле папярэдніх дадзеных, і знаходзіўся ўвесь той час, пакуль яго шукалі.

Для высвятлення абставін здарэння праводзіцца расследаванне, заявілі прадстаўнікі камандавання ВМС ЗША, не стаўшы паведамляць ніякіх іншых падрабязнасцяў.

Мімсі перапраўлены на авіяносец «Рональд Рэйган» для правядзення медыцынскага абследавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0