Сёньня, у 215-ю гадавіну з дня народзінаў Ігната Дамейкі ў Міністэрстве замежных спраў прэзэнтавалі беларускі пераклад кнігі пра Дамейку, які падрыхтавала ягоная праўнучка Пас Дамейка. На ўрачыстасьць у Беларусь прыехалі тры праўнукі і адзін прапраўнук Ігната Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі.

«Гэта цудоўна, я пра такое, думаю, ня марыла ніколі ў маім жыцьці, — сказала Пас Дамейка. — Я ніколі ня марыла, што буду тут, на радзіме маіх продкаў. Вельмі вельмі дзякую, Беларусь. Гэта неверагоднае шчасьце і гонар для майго прадзядулі. Я ведаю, што ён тут, прысутнічае сярод нас. Вельмі шчасьлівы і вельмі ўсхваляваны. І рады, што кніга пра яго жыцьцё перакладзеная на мову зямлі, адкуль ён паходзіць».

Нашчадкі Дамейкі ў Менску.

Кнігу «Ігнат Дамейка: зь Мядзьведкі — у Сант'яга-дэ-Чылі» прэзэнтавалі ў Міністэрстве замежных спраў. Міністар замежных спраў Уладзімер Макей падарыў першы асобнік кнігі Пас Дамейцы.

«Дзякуючы такім людзям, як Дамейка, быў закладзены падмурак нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, стала магчымым мадуляваньне беларускай нацыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя», — сказаў Уладзімер Макей.

Беларускі варыянт пабачыў сьвет з ініцыятывы Міністэрства замежных спраў і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Як патлумачыў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык, у міністэрстве паўгоду таму задумалі выдаць беларускае выданьне мэмуараў і запрасіць нашчадкаў Дамейкі ў Беларусь. Тады стала вядома, што над беларускім варыянтам ужо восем гадоў працуе Валянціна Лебедзева.

«Калі ў нас зьявілася інфармацыя, што ёсьць манускрыпт, над якім ідзе не адзін год праца, мы далучыліся, дапамаглі з арганізацыйнымі пытаньнямі, зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі па падтрымку, — сказаў Мірончык. — Тады, нарадзілася ідэя навуковай канфэрэнцыі, зьявілася ідэя запрасіць сюды нашчадкаў Дамейкі».

Пас Дамейка са сваёй кнігай, выдадзенай па-беларуску

У студзені 2017 года Свабода апублікавала інтэрвію з Пас Дамейкай. Акурат тады яна распавяла, што ў Беларусі перакладаюць яе кнігу, якая ў арыгінале называецца «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі». Яна выйшла па-гішпанску ў 2002 годзе.

Таксама Пас Дамейка казала, што да яе ніколі не зьвярталіся беларускія дыпляматы.

Міністар інфармацыі Лілія Ананіч прысутнічала на прэзэнтацыі.

«Да мяне неаднаразова зьвярталіся літоўскія і польскія дыпляматы, — казала тады Пас Дамейка. — Але ніхто і ніколі зь беларускіх дыпляматаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было».

Нашчадкі Дамейкі правядуць у Беларусі некалькі дзён. Яны наведаюць мясьціны, зьвязаныя са сваім продкам.

«Гэта наш першы раз у Беларусі, — сказаў Мігель Луіс Заўшкевіч, прапраўнук Дамейкі, горны інжынэр, які вырас і жыве ў Чылі. — Я думаю, што мы вернемся».

Да прэзэнтацыі кнігі Пас Дамейкі ў МЗС падрыхтавалі выставу, прысьвечаную Ігнату Дамейку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру