Фота са старонкі Васіля Сямашкі ў фэйсбуку

Журналіст Васіль Сямашка знайшоў на прылаўках аднаго з мінскіх гіпермаркетаў харчовы лёд, прывезены ў Беларусь… з Санкт-Пецярбурга.

«На ўпакоўцы пазначана, што гэта «вада пітная». Гэта значыць, тая, якая цячэ з вадаправода, — разважае журналіст. — Замарожаную ваду вязуць за 800 км. Цана 1 кг лёду — 2р. 36 кап. — даражэй за 2 літры квасу!»

Няўжо лёду нельга намарозіць у Беларусі?

У Мінску ёсць два холадакамбінаты. На першым сваёй вытворчасці няма — ён займаецца захоўваннем мяса і іншай прадукцыі, якая патрабуе нізкіх тэмператур. А на «Мінскім холадакамбінаце №2» папросту ніколі не думалі, што людзям можна прадаваць звычайны лёд!

«Мы ніколі харчовымі льдамі не займаліся. У нас быў толькі сухі лёд, які выкарыстоўваўся пры захоўванні і перавозцы — вы ж ведаеце, мы вырабляем марозіва. Але ж гэта тэхнічны лёд у блоках з тэмпературай -40 градусаў, — распавядаюць у аддзеле маркетынга «Мінскага холадакамбіната №2». — Харчовы лёд — гэта зусім іншае, але ў нас ёсць лядоўні шокавай замарозкі для яго вытворчасці. Ну хіба што трэба будзе зрабіць нейкія формачкі. Дзякуй за ідэю!»

У краме 1 кг імпартнага харчовага лёду каштуе $1,2. Патэнцыял рынку ў Беларусі — агромны. Круглы год лёд патрэбны кавярням, а ў сезон, калі слупкі тэрмометраў запаўзаюць за +30, лёд карыстаецца попытам і ў звычайных пакупнікоў.

Хто і навошта вязе ў Беларусь лёд з Санкт-Пецярбургу?

Імпартам лёду ў Беларусь займаецца «Студыя ледзянога мастацтва NICE». Асноўная дзейнасць студыі — вытворчасць скульптур з лёду. Па словах кіраўніка NICE Віктара Грушко, гэта ўваходзіць у моду: штотыдзень у Мінску праходзіць два мерапрыемствы, для якіх замаўляюцца ледзяныя скульптуры.

Што да імпарту харчовага лёду з Санкт-Пецярбурга, дык на гэта, па словах Віктара Грушко, ёсць свае прычыны:

«Перад тым, як інвеставаць у сваё абсталяванне, завозіцца прадукцыя ад тых, у каго гэтае абсталяванне ўжо ёсць. Гэта сусветная практыка. Вызначаецца ёмістасць рынку, фармуецца база даных і прымаецца рашэнне: якую вытворчасць рабіць, з якой магутнасцю, для якіх патрэбаў ужо менавіта беларускага рынку.

Калі, напрыклад, мы даведаемся, што ў Мінску ці па ўсёй Беларусі прадаецца 20 тон лёду — тады фармуецца свая вытворчасць магутнасцю ў 20 тон за месяц, і пагналі. А пакуль невядома — завозім прадукцыю звонку».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру