Black Swan
Брытанскі вясковы паб стаў найлепшым рэстаранам у свеце па версіі рэсурсу для падарожнікаў TripAdvisor. Пераможца быў вызначаны на аснове мільёнаў водгукаў на сайце за апошні год.
Брытанскі рэстаран упершыню выйшаў на першае месца з моманту заснавання прэміі ў 2012 годзе.
Паб Black Swan («Чорны лебедзь»), які ўжо мае адну мішленаўскую зорку і чатыры прэстыжныя ўзнагароды AA Rosette, — сямейны рэстаран у горадзе Олдстэд у Паўночным Ёркшыры.
Ім кіруюць шэф-кухар Томі Бэнкс, які стаў чатыры гады таму самым маладым у Брытаніі уладальнікам зоркі «Мішлен», і яго брат Джэймс.
«Для мяне вялікі гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, і асабліва важна, што яна была прысуджаная дзякуючы водгукам нашых кліентаў», — заявіў Бэнкс.
Томі Бэнкс
Да гэтага на працягу двух гадоў тытул найлепшага рэстарана атрымліваў Martín Berasategui ў Іспаніі.
TripAdvisor тлумачыць, што яго ўзнагарода адрозніваецца ад астатніх, бо прысуджаецца на аснове водгукаў наведвальнікаў, а не грунтуецца на меркаванні невялікай групы суддзяў.
Рэйтынг рэстаранаў TripAdvisor
- Black Swan, Олдстэд, Брытанія
- Belmond Le Manoir aux Quat'Saisons, Грэйт Мілтан, Брытанія
- Maison Lameloise, Шані, Францыя
- L'home Auberge de l'ouest Ill, Ільяэзэрн, Францыя
- Martin Berasategui, Ласартэ, Іспанія
- Daniel, Нью-Ёрк, ЗША
- La Colombe, Канстанцыя, ПАР
- David's Kitchen, Чыянгмай, Тайланд
- Maido, Ліма, Перу
- El Celler de Can Roca, Жырона, Іспанія
Зрэшты, узнагароды, як аказалася, не заўсёды радуюць шэф-кухараў. Тры тыдні таму адзін з самых вядомых французскіх кухараў папрасіў прыбраць яго рэстаран са спісу «Мішлен».
46-гадовы Себасцьян Бра патлумачыў, што хоча гатаваць выдатную ежу без пастаяннага ажыятажу і турботы праз тое, што ананімныя суддзі «Мішлен» могуць наляцець ў любы момант.
Бра кіруе рэстаранам Le Suquet з трыма зоркамі «Мішлен» у французскай камуне Лаёль.
Складаныя адносіны з гідам «Мішлен» склаліся і ў іспанскага рэстарана Casa Julio, які ў 2014 годзе з другой спробы таксама адмовіўся ад сваіх зорак. Шэф-повар Хуліа Біёска тлумачыў, што ўключэнне ў гід «Мішлен» спалучанае з занадта вялікім ціскам.
Бельгійскі кухар Фрэдэрык Дуг таксама вярнуў мішленаўскую зорку ў 2014 годзе, заявіўшы, што хоча быць свабодным ад рэйтынгаў.





