Аўтарам матэрыяла, сюжэт якога нагадвае хутчэй фантастычны фільм, з'яўляецца Анатоль Шлыкаў з Віцебска — сталы аўтар расійскіх чарнасоценнных рэсурсаў, які раней крытыкаваў беларускіх чыноўнікаў за русафобію, а протаіерэя БПЦ Сяргея Лепіна — за ўдзел у Дні Волі.
Шлыкаў піша, што Дзярждэп працуе паўсюль, але беларуская контрразведка нічога не можа з гэтым зрабіць. Дзярждэп, на думку аўтара, робіць не толькі хуткія аперацыі, але і доўгатэрміновыя. І замест таго, каб кантактаваць з апазіцыяй, амерыканцы зараз нібыта ставяць на асобных чыноўнікаў.
Сярод тых, на каго ставіць Дзярждэп, аўтар называе Генадзя Давыдзьку, які некалі выказаўся ў падтрымку легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі. Гэтая заява, як думае Шлыкаў, сведчыць пра яго «заходнія» погляды.
Таксама Шлыкаў звяртае ўвагу на тое, што Давыдзька скончыў Далёкаўсходні педінстытут мастацтваў па спецыяльнасці «акцёр драматычнага тэатра і кіно» і працаваў рэжысёрам драмы.
«Але менавіта такога спецыяліста-рэжысёра, здольнага ставіць драмы, шукаў Дзярждэп. Толькі зараз па задуме таго ж Дзярждэпа драма павінна быць пастаўлена не на сцэне тэатра, а непасрэдна на беларускай зямлі, дзе артыстамі стануць самі беларусы»,
— піша Шлыкаў.
Аўтар «Русской весны» мяркуе, што заходнія аналітыкі хочуць менавіта такога прэзідэнта ў Беларусі, з такім мысленнем:
«Падобна на тое, што «артысту» не дае спакою задума былых кіраўнікоў БНР ператварыць нашу Белую Русь у краіну чырвоных ліхтароў. На жаль, нават цяпер, калі гэтая дзярждэпаўская аперацыя ў самым разгары, яна па-ранейшаму застаецца абсалютна незаўважанай для беларускіх аналітыкаў».
Наступствы гэтай «аперацыі», як мяркуе Шлыкаў, будуць для беларускага грамадства катастрафічнымі.





