Міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амялян падпісаў «гістарычны дакумент», які тычыцца транспартных зносін з Расіяй. Пра гэта ён паведаміў у каментарах пад допісам украінскага выдаўца Аляксандра Красавіцкага ў фэйсбуку.

«Пра перайменаванні. Кіеўскі вакзал Масквы спачатку называўся Бранскім, калі яшчэ ветка да Кіева не была пракладзена. Намаганнямі Уладзіміра Амяляна хутка яму вернуць гістарычную назву», — напісаў Красавіцкі.

Тэлевядучая Яніна Сакалова пракаментавала: «Уладзімір Амялян, адмяняйце ўжо, не мучайце».

Амялян адказаў: «Працуем. Сёння падпісаў адзін гістарычны дакумент. У Маскву будуць толькі мядзведзі хадзіць, як у старыя добрыя часы».

Затым міністр дадаў, што анансаваныя абмежаванні будуць тычыцца не толькі чыгуначных пасажырскіх зносін, але падрабязнасцей не расказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0