Жыхарка Баранавічаў Ірына ненаўмысна зачапіла пляшку піва ў гандлёвым цэнтры, і тая разбілася. Магазін патрабуе пакрыць урон, а жанчына ўпэўненая, што грошы з яе спрабуюць атрымаць незаконна: ні намеру сапсаваць маёмасць, ні яе віны ў тым, што здарылася, няма.
Фота: Intex-press
Ірына распавядае, што ўвечары 29 снежня, калі яна выбірала ў гандлёвым цэнтры сок, па неасцярожнасці зачапіла пляшку піва.
— Я зрабіла крок назад ад стэлажа з сокамі, каб лепш разгледзець тавар. А ззаду стаяў рэкламны куб з півам, і адна пляшка з гэтай канструкцыі ўпала і разбілася. Я нават не зразумела, як гэта адбылося, — распавядае жанчына.
Калі Ірына падышла да касы, каб разлічыцца за торт і сок, да яе падышоў прадстаўнік службы аховы і запатрабаваў заплаціць за пабітую пляшку піва — 1,74 рубля.
— Я нават падумаць не магла, што да мяне будуць нейкія прэтэнзіі, таму што віны маёй у тым, што гэтая пляшка звалілася, няма. Па-першае, я ненаўмысна яе зачапіла, а па-другое, бутэлькі былі выстаўленыя няўстойліва, ніяк не агароджаныя. Толькі на гэтых разбітых пляшках крама можа зрабіць бізнэс, — кажа жанчына.
Куб з півам, з якога ўпала пляшка, фота пакупніцы
Плаціць за разбітую пляшку з півам Ірына адмовілася. Тады яе папрасілі прайсці ў кабінет аховы гандлёвага цэнтра, дзе яна правяла цэлую гадзіну.
У пачатку студзеня Ірына атрымала пісьмовую прэтэнзію з гандлёвага цэнтра з просьбай аплаціць цану пашкоджанага тавару.
9 студзеня Ірына яшчэ раз паспрабавала ўрэгуляваць пытанне з адміністрацыяй гандлёвага цэнтра, але нічога не дамаглася.
— Довадаў, што маёй віны ў тым, што адбылося, няма, супрацоўнікі цэнтра і слухаць не жадалі. Іх пазіцыя такая: ці аплачвайце, ці мы пададзім ў суд, і плаціць вам усё адно прыйдзецца, толькі нашмат больш, — распавядае Ірына.
Ад падрабязных каментароў у гандлёвым цэнтры адмовіліся.
Аплачваць урон краме Ірына не збіраецца.