Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) можа правесці вырашальныя стадыі еўракубкаў у фармаце «Фіналу чатырох». Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на іспанскае выданне AS.
«Фінал чатырох» прадугледжвае правядзенне па адным паўфінальным матчы замест серый з дзвюх гульняў і фіналу на працягу чатырох дзён у адным горадзе.
Мяркуецца, што «Фінал чатырох» Лігі чэмпіёнаў пройдзе ў турэцкім Стамбуле, Лігі Еўропы — у польскім Гданьску (на дадзены момант у гэтых гарадах запланавана правядзенне фіналаў сёлетніх розыгрышаў еўракубкаў). Гэтая мера можа быць уведзена для скарачэння колькасці гульняў, што дасць магчымасць выкарыстоўваць вызваленыя дні для правядзення гульняў нацыянальных першынстваў, прыпыненых з-за распаўсюджвання каранавіруса.
Нагадаем, што Ліга чэмпіёнаў была перапыненая на стадыі 1/8 фіналу, ужо вызначаны чатыры ўдзельнікі 1/4 фіналу (французскі ПСЖ, італьянская «Аталанта», іспанскі «Атлетыка», нямецкі «Ляйпцыг»). Матчы, што павінны прайсці на наступным тыдні, адмененыя.
У Лізе Еўропы прайшлі шэсць з васьмі першых матчаў 1/8 фіналу. Абодва турніры таксама былі прыпыненыя з-за каранавіруса.
Увядзенне фармату «Фіналу чатырох» будзе абмяркоўвацца ў аўторак на відэаканферэнцыі, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі 55 еўрапейскіх асацыяцый, якія ўваходзяць у склад УЕФА. Мерапрыемства будзе прысвечана абмеркаванню сітуацыі з каранавірусам.





