Падчас пікета ў Мінску 7 чэрвеня затрымалі двух хлопцаў — Аляксея Вісцяжа і Дзмітрыя Ражкова. Абодва — пераможцы міжнародных студэнцкіх алімпіяд па праграмаванні, бралі ўдзел у спаборніцтвах як студэнты БДУІР, піша «Радыё Свабода».
22-гадовы Аляксей Вісцяж з Іўя, цяпер працуе ў Мінску ў адной з фірмаў, таму ва ўніверсітэце на трэцім курсе ўзяў акадэмічны адпачынак.
«Аляксей запатрабаваны на працы. Ён з 8-га класа браў удзел у алімпіядах. На алімпіядзе ў Казахстане заваяваў бронзавы медаль, у Тайвані срэбны медаль. На чэмпіянаце свету па праграмаванні ў Тайландзе занялі з хлопцамі 17 месца, на чэмпіянаце ў Амерыцы — 23 месца. Але трапіць туды было вельмі складана, там вельмі вялікі конкурс. Там на алімпіядзе быў і Дзмітры Ражкоў. Хлопцы вельмі таленавітыя», — кажуць сваякі Аляксея.
Пра затрыманне Аляксея яны даведаліся ад сябра. Апошні раз дасяжны ён быў а 16-й гадзіне 7 чэрвеня.
«Нам скінулі фотаздымак, як іх затрымлівалі, яны ішлі каля гандлёвага цэнтра «Сілуэт», нікога не чапалі, не мацюкаліся. Падбеглі дзесяць чалавек і затрымалі. Яны нідзе не выступалі, не крычалі, ішлі дахаты. Такога бяспраўя не павінна быць, кожны мае права выказацца. Я супраць такіх рэпрэсій, затрыманняў. Кожны мае права голасу», — кажа сваяк хлопца.
Аляксея затрымалі ўпершыню, раней ён і не хадзіў на такія пікеты.
Сваякі кажуць, што Аляксей павязаў бел-чырвона-белы сцяг на плечы. Сёння яго павінны судзіць праз Skype пасля 14.00 (суд Першамайскага раёна). Аляксей сябруе з Дзмітрыем Ражковым са Жлобіна, які заканчвае ўніверсітэт і збіраецца вучыцца далей у магістратуры.





