Фота Надзеі Бужан
Пра гэта прэтэндэнт у прэзідэнты, банкір і мецэнат Віктар Бабарыка заявіў у інтэрв'ю Форбс.
«На гэты момант мае намеры заключаюцца ў тым, каб дайсці да 9 жніўня і перамагчы. Я не ведаю, якія аргументы і абставіны здольныя змяніць маю пазіцыю», — мяркуе ён.
Безумоўна, усе рызыкі пралічыць нельга, але асноўныя мы ўлічылі. Мы выдзелілі некалькі ключавых этапаў з магчымымі варыянтамі. Першы: здаць больш за 100 000 подпісаў прыхільнікаў для вылучэння. Тут мы абавязаны знізіць рызыкі, звязаныя са зборам, верыфікацыяй, захоўваннем і здачай подпісаў. Мы планавалі завяршыць этап да 15 чэрвеня, але ператрусы прывялі да таго, што і сёння мы не можам спыніць паток людзей, якія жадаюць паставіць подпіс у маю падтрымку.
На другім этапе, з 19 чэрвеня па 14 ліпеня, мы аб'явім аб новых ініцыятывах, звязаных з рэгістрацыяй мяне ў якасці кандыдата. У мяне ёсць ідэі, як працягваць працу падчас «этапу цішыні», калі фінальнае рашэнне павінен прыняць Цэнтрвыбаркам.
Трэці этап — рэгістрацыя: мяне могуць зарэгістраваць ці не зарэгістраваць кандыдатам.
Мы лічым другі варыянт практычна выключаным, таму што ён будзе азначаць фактычную адмену выбараў.
Больш за тое, у гісторыі сучаснай Беларусі ні разу не здымалі з выбараў кандыдата, які набраў больш за 100 000 подпісаў. Але разам з тым мы дапускаем такую верагоднасць і маем сцэнар дзеянняў у такім выпадку.
— Вы запісалі відэазварот, які будзе апублікаваны ў выпадку вашага затрымання. Што гэта — прызнанне няздольнасці перамагчы на выбарах, добраахвотная капітуляцыя ці страхоўка?
— Працытую савецкі фільм: гэта profession de foi — прафесійная трансфармацыя. Я 25 гадоў працую ў банках, і банкаўская сфера — праца з рызыкамі. Калі ты разумееш рызыкі, ты абавязаны выбудаваць сістэму іх кампенсацыі. Рызыку затрымання нельга выключаць, і мы загадзя прынялі меры, якія дазваляюць дайсці да выбараў 9 жніўня, нягледзячы на абставіны. Відэа — адзін з інструментаў кампенсацыі рызыкі.





