spring96.org
Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 34-гадовага архітэктара Арцёма Такарчука. Ён быў абвінавачаны ў супраціве 13 верасня салдату тэрміновай службы па ч. 2 арт.363 КК. У той дзень у Мінску праходзіў «Марш герояў», піша spring96.org.
Калі салдаты пачалі атачаць пратэстоўцаў на вуліцы Мельнікайтэ і затрымліваць іх, у натоўпе пачалася паніка, некаторыя пачалі разбягацца і падаць.
Па словах Арцёма Такарчука, ён хацеў дапамагчы і разняць упалых людзей. Але яго жорстка затрымалі, пасля чаго ў бальніцы яму наклалі швы на галаву.
Праз два дні яго зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы. І пасля гэтага затрымання яго дастаўлялі са Следчага камітэта ў бальніцу, дзе дыягнаставалі страсенне мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія ўдары і гематомы па ўсім целе.
Суддзя Юлія Густыр пакарала Арцёма Такарчука 3 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і запрасіў пракурор Цвяткоў.





