Андрэй Скурко

Андрэй Скурко

Продкаў Андрэя раскулачвалі, высылалі ў Казахстан

Андрэй жанаты, разам з жонкай Паўлінай яны гадуюць сына Тамаша, якому хутка споўніцца паўтара годзіка. Паўліна згадвае, што на першым спатканні 11 год таму Андрэй павёў яе ў Цэнтральную кнігарню, каб паказаць новавыдадзеную энцыклапедыю вёсак і гарадоў, дзе адшукаў памылкі. Кнігі і для Андрэя, і для Паўліны значаць вельмі шмат. Пры ператрусе 8 ліпеня ў іх спыталі: «Навошта столькі кніг?» Андрэй не знайшоўся, што адказаць.

 Калі дзевяць год таму мы ажаніліся, мне было прыемна, што нашы кнігі аб’ядналіся. Прыемна было паставіць іх побач у нашай агульнай бібліятэцы, нашым здабытку. Пасля Андрэй сам зрабіў для кніжак паліцы: хацеў, каб было прыгожа, у стылістыцы вясковых шафаў нашых дзядоў.

Андрэй і Паўліна. Фота з асабістага архіва

Андрэй і Паўліна. Фота з асабістага архіва

Шмат што Андрэй Скурко зрабіў сваімі рукамі і для апошняга офіса рэдакцыі «Нашай Нівы», які цяпер апячатаны. Яму падабаецца майстраваць штосьці сваімі рукамі, працаваць з дрэвам пасля офіснай працы ён мог прыйсці ў свой дрывотнік з інструментамі і стругаць па некалькі гадзін, калі была магчымасць. Яго гэта супакойвае.

 Яшчэ Андрэй вельмі любіць зямлю, працаваць на ёй. Яму даецца агародніцтва. Калі мінулым летам папярэджвалі, што праз каранавірус могуць прыйсці цяжкія часы, ён пасадзіў каля дома бульбу. Саджаў кабачкі, гуркі, даглядаў дрэвы», расказвае Паўліна.

Можа пажартаваць з любой сітуацыі

Распавядаючы пра Андрэя, нельга не згадаць яго неверагоднае пачуццё гумару. На кожную сітуацыю ў яго знойдзецца трапная цытата ці анекдот.

 Усе дзевяць год замужжа я смяюся. Андрэй можа пажартаваць з любой сітуацыі. Нават на ператрусе ён усё змякчаў сваімі жартамі. Нам нельга было выходзіць з дома, а сын вельмі хацеў, усё дамагаўся пайсці паглядзець сабаку ў ваколіцах: «Ававу-ававу». Андрэй тады сказаў: «Шкада, што дзядзі сёння прыйшлі да нас без «Ававы». Я на гэта ўсміхнулася. А яшчэ ён усё называў сілавікоў «эти милые джентльмены», цытуючы героя аднаго з любімых мульцікаў «Востраў скарбаў».

Паўліна кажа, што яны ў сям’і ніколі не абмяркоўвалі эміграцыю, таму што кожны з іх вельмі любіць родную краіну.

Гэта наша зямля. Для нас з Андрэем вельмі важна, што тут жылі нашы сваякі. Продкаў Андрэя раскулачвалі, высылалі ў Казахстан, там загінула яго прапрабабуля. І мы не можам пакінуць зямлю нашых дзядоў.

Ганна Паўлаўна, мама Андрэя, бясконца ганарыцца сынам.

— Пра Андрэя можна расказваць доўга і многа, і ўсё роўна ўсе яго чалавечныя якасці не перадасі. Ён цудоўны бацька, муж, сын. Толькі дзякуючы яму я пішу гэтыя радкі: колькі Андрэй дапамагаў мне ў барацьбе з анкалогіяй! Усе праблемы ён вырашае своечасова, спакойна і настойліва. Заўсёды знаходзіць час, каб дапамагчы родным і блізкім. І ўсё гэта не на паказ, а ад чыстага сэрца. Ён ніколі не здрадзіць, абавязкова выконвае тое, што абяцаў. Мы дзякуем Богу, што Андрэй у нас такі, які ён ёсць.

Басіста не было, таму Андрэй ім стаў

Мікола Шакель ведае Андрэя з 90-х: вучыліся разам на філфаку, так і пасябравалі.

 Калі ў 1996 годзе Андрэй пераехаў у інтэрнат, мы хутка стварылі свой музычны гурт. Спачатку проста нешта імправізавалі, пасля пачалі пісаць песні. На рэпетыцыі «Цмокаў» мы збіраліся літаральна да 2020-га. На жаль, пасля на фоне ўсіх падзей, у тым ліку затрымання маёй жонкі Алы, стала не да творчасці.

У гурце Андрэй грае на басу, хаця на ты і з гітарай. Тлумачыў ён такі выбар інструмента проста: «Басіста ў нас не было, таму я ім стаў».

Андрэй Скурко на выступе гурта ў цэнтры

Андрэй Скурко на выступе гурта ў цэнтры

Пасля выбараў 2010 года рэдакцыя «Нашай Нівы» таксама праходзіла праз ператрус. Быў ён і дома ў Андрэя Скурко.

 Пасля ўсіх тых падзей мяне ўразіла, як Андрэй годна трымаўся. Па ім нельга было сказаць, што ён хвалюецца. Ëн заўсёды казаў: «Прарвёмся». І цяпер, я ўпэўнены, ён трымаецца годна і з гумарам. Ëн умее пасмяяцца нават з сур’ёзных сітуацый, якія ў іншых выклікалі б дэпрэсію, кажа Мікола.

Перакладчыца Вольга Гронская знаёмая з Андрэем з самага дзяцінства. 

 Мы разам вучыліся ў школе, сябравалі, потым разам былі на філфаку БДУ (праўда, на розных аддзяленнях). Для мяне Андрэй ці не найперш гэта тонкі гумар, дасціпнасць, іронія. Я яго такім з дзяцінства і памятаю. Гэта цікаўнасць да гісторыі, краіны і роду. Гэта моцны стрыжань, годнасць, шляхетнасць. Андрэй надзвычай таленавіты, глыбокі і тонкі чалавек. Мне хочацца, каб ён найхутчэй апынуўся на волі. Перажываю за яго, за ягоных бацькоў, за жонку з сынам. Але веру, што ўсё будзе добра.

Мог узяцца за любую тэму

Разам з Алесем Пашкевічам Андрэй займаецца тэкстамі для часопіса «Наша гісторыя».

 Андрэй вельмі начытаны, і, дзякуючы гэтаму, можа ўзяцца за любую тэму. Ëн вельмі захапляецца стражытнай гісторыяй, часамі ВКЛ. Добра ведае біяграфіі пісьменнікаў: мабыць, яму перадалося гэта ад бацькоў-філолагаў. Ëн умее адшукаць ва ўспамінах, мемуарах, дзённіках такія цікавыя факты, якія б паказвалі чалавека жывым, а не хрэстаматыйным. Не кожнаму гэта ўдаецца, распавядае Алесь.

З апошняга Андрэй рыхтаваў артыкул пра асобу Пятра І-га на фоне Паўночнай вайны на тэрыторыі Беларусі, і ён абавязкова пабачыць свет. Чытачы дачакаюцца новых артыкулаў аднаго са сваіх любімых аўтараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0