Ягор Марціновіч. Фота Сяргея Балая

Ягор Марціновіч. Фота Сяргея Балая

Ягор — мінчук у чацвёртым калене. Яго прабабуля Марыя Кляноўская перасялілася на Грушаўку яшчэ да вайны. Менавіта ў гэтым раёне Мінска нарадзілася яго бабуля Тамара Мушынская, аўтар школьных падручнікаў па рускай літаратуры, па якіх дагэтуль вучацца беларускія школьнікі. Менавіта ў хату на Грушаўку яна прывяла свайго мужа Міхася Мушынскага — славутага даследчыка, найлепшага знаўцу творчасці Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага, член-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут, на Грушаўцы, нарадзілася іх дачка, тэатральны крытык, паэт і лібрэтыст Таццяна Мушынская. І менавіта тут, на Грушаўцы, жыў і жыве сам Ягор.

Тамара Мушынская, Дзяніс Марціновіч, Міхась Мушынскі, Ягор Марціновіч, Адар'я Гуштын і іх сабака Альма

Тамара Мушынская, Дзяніс Марціновіч, Міхась Мушынскі, Ягор Марціновіч, Адар'я Гуштын і іх сабака Альма

— Ягор ведае ўсё на свеце, гэта чалавек-энцыклапедыя, — кажа жонка Ягора, журналістка Адар’я Гуштын. — Памятаю, калі ўпершыню прыйшла да яго дадому, падумала, а ці не раённая гэта бібліятэка, столькі там кніг! Колькі за гэты час я паслухала футбольных гісторый! Колькі краін мы наведалі разам! У Ягора фенаменальныя здольнасці арганізаваць падарожжа — мы пабывалі ў краінах 50, напэўна, і калі расказвалі, як можна танна дабрацца да Бразіліі ці Штатаў, нам нават не верылі. Калі пачаўся каранавірус, падарожжы за мяжу сталі немагчымыя, і мы вырашылі яшчэ больш ездзіць па Беларусі. Калі дадалася палітыка, і Ягору забаранілі выезд з краіны, нашае даследаванне працягнулася. Ягору засталося ўсяго пяць раёнаў са 118. Ён яшчэ казаў, будзе крыўдна, калі не паспею ўсё наведаць. Яшчэ ён прапусціць фінал чэмпіяната Еўропы па футболе. А ён жа сачыў сёлета за кожным матчам, вельмі радаваўся добрай гульні ўкраінцаў, заўзеў за Данію і сваю любімую Іспанію.

У Ягора была магчымасць з‘ехаць. Больш за тое, у кастрычніку 2020 года, калі яго кінулі на Акрэсціна, аператыўнікі яму адкрыта гэта прапаноўвалі, але Ягор у гэтым пытанні непахісны: гэта мая зямля, мой народ, Беларусь я не пакіну. Ён сапраўды вялікі патрыёт. Калі СК забараніў яму выезд з краіны, ён нават уздыхнуў з палёгкай: не будуць сілай вывозіць, як Марыю Калеснікаву. І ўсе гэтыя месяцы мы разам актыўна ездзілі па Беларусі, каб паспець убачыць усю нашу краіну. Ягору засталося пяць раёнаў са 118. 

Ягор, Адар'я і сабака Альма ў часе падарожжа па Беларусі

Ягор, Адар'я і сабака Альма ў часе падарожжа па Беларусі

Ягор цудоўна разумеў, што яго могуць пасадзіць. І ставіўся да гэтага па-філасофску: калі для лепшай будучыні краіны трэба апынуцца за кратамі, значыць, трэба гэта прыняць, але не спыняцца і далей сумленна працаваць. Ягор вельмі паважае Андрэя Пачобута і ягоную моцную пазіцыю: застацца ў Беларусі, хай сабе і ў турме. 

Ягор самы вялікі аптыміст, якіх я толькі ведаю. У самыя змрочныя часы ён усіх падтрымліваў, ён верыць у беларусаў і ў тое, што мы можам жыць лепш. Сёння многія пытаюць, як дапамагчы. Ягор бы сказаў: чытайце «Нашу Ніву», падтрымлівайце рэдакцыю, як толькі можаце, трымайцеся праўды, трымайцеся адно аднаго, працуйце і дзейнічайце сумленна, рабіце, што толькі можаце, кожны дзень, каб Беларусь стала лепшай.

Ад сябе я дадам: пішыце лісты палітвязням! Хутка стане вядома, па якім адрасе можна падтрымаць Ягора. Расказвайце яму гісторыі пра падарожжы і пра спорт, асабліва футбол, гэта яго два хобі, якіх ён часова пазбаўлены. Помнім галоўнае: беларус беларусу беларус, — звяртаецца Адар'я.

За кожнага з нашаніўцаў стаяў гарой

— Ягор — гэта сцяна. Кожны ў рэдакцыі «Нашай Нівы» адчуваў сябе ў бяспецы, пакуль наперадзе нас стаяў Ягор. У яго ніколі не было страху, не было сумневаў. Ён заўсёды ведаў, што трэба рабіць. За кожнага з нас ён стаяў гарой, — кажа дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда.

— Я не помню аніводнага дня, калі Ягор не працаваў. Ён быў на сувязі заўжды: раніцай і ўначы, у будні і ў выхадныя. Хіба што з самалёта не адказваў і яшчэ калі гуляў у футбол — гэта святое. Я заўжды дзівілася, адкуль у яго столькі энергіі, якой хапае не толькі на працу, а яшчэ і на сям'ю, сяброў, футбол, падарожжы. Ён ніколі не выглядаў стомленым альбо прыгнечаным. Усе выклікі ўспрымаў спакойна і паслядоўна рашаў праблему за праблемай. 

Увесь апошні год, поўны выпрабаванняў, я гляджу на Ягора і зараджаюся яго аптымізмам і ўпэўненасцю: складана гэта прыняць, але ўсё, што зараз адбываецца, да лепшага. Нам трэба праз усё гэта прайсці, бо такі шлях да Беларусі, пра якую мы ўсе марым. 

Ягор добра ўсведамляў усе рызыкі, але ён не хацеў і ніколі не збіраўся нікуды з’язджаць. І мы часта жартавалі: «Нават калі з Беларусі ўсе выедуць і выключаць у аэрапорце святло, Ягор прыйдзе і яго запаліць». 

Настасся Роўда, Адар'я Гуштын, Ягор і Дзяніс Марціновічы

Настасся Роўда, Адар'я Гуштын, Ягор і Дзяніс Марціновічы

У школе выпускаў рукапісны часопіс «Свет»

— У нас было цудоўнае дзяцінства, — згадвае старэйшы брат Ягора, журналіст Дзяніс Марціновіч. — Мы гулялі ў кватэры ў футбол і аднойчы нават разбілі шкло. Асаблівым шыкам было так ударыць, каб выключыць тэлевізар або святло. 

Гулялі ў маркі. Людзі, якія былі на іх, станавіліся прэзідэнтамі і міністрамі, а яшчэ засноваўвалі і кіравалі СМІ. Натуральна, незалежнымі. Выпускалі ў адным асобніку рукапісныя часопісы. Выданне Ягора называлася «Свет», апошнія нумары ён ужо рабіў на камп’ютары.

Ездзілі на ровары з Зялёнага Луга, дзе жылі бабуля і дзядуля, у Серабранку і назад, прычым аднойчы ледзь не праваліліся пад зямлю — рабочыя не прыбралі яміну.

Аднойчы ўцякалі ад хуліганаў. Я сказаў Ягору бегчы, бо ён быў яшчэ малы, крыху затрымаў тых дурняў, атрымаў ад іх у сківіцу, затое потым паставіў сусветны рэкорд па бегу, які, на жаль, ніхто не зафіксаваў.

Потым мы выраслі, але нашае сяброўства нікуды не знікла. Брат застаўся найлепшым, надзейным сябрам, з якім можна абмеркаваць футбол, палітыку, СМІ, наогул жыццё і людзей, — кажа Дзяніс. 

Кожны, хто знаёмы з Ягорам Марціновічам, ведае пра яго захапленне падарожжамі. Ён ужо пабачыў пад 60 краін, шмат дзе быў па некалькі разоў. Вандроўкі сталі ладам яго жыцця. У дакаранавірусныя часы Ягор раз на месяц ці раз на два дакладна куды-небудзь ляцеў: звычайна на выхадныя, каб не выпадаць з працы. 

— Наогул, каб Ягору надакучыла журналістыка, ён бы мог лёгка зрабіць бізнэс на турызме. Яго здольнасць падбіраць танныя маршруты — гэта нешта неверагоднае. Зніжкі, купоны, перасадкі… Як ён гэта рабіў — не разумею. Але ў выніку ўся сям’я падарожнічала літаральна за капейкі.

Памятаю падарожжа па французскай Тулузе і па Андоры. Мы ехалі праз Пірынеі, на пяць хвілін зайшлі на тэрыторыю Іспаніі. Па дарозе Ягор падрабязна расказваў мне, як яго спрабавалі выключыць з журфака і як паводзілі сябе выкладчыкі. Іншы даў бы пра тое ўжо пяць інтэрв’ю — Ягор трымае гэта ў сабе. Але ўсё памятае.

У гэтыя жахлівыя часы я кожны вечар жадаю ў думках свайму любімаму брату «Дабранач» і чакаю яго на свабодзе. Ягорына, мы вельмі любім цябе, — кажа Дзяніс.

Мог бы стаць міністрам турызму 

— Як ні дзіўна прагучыць, але мой сын Ягор Марціновіч — адзін з самых неверагодных людзей, якіх я сустрэла за сваё жыццё, — кажа Таццяна Мушынская, пісьменніца, журналістка і мама Ягора Марціновіча. — Калі ён збіраўся ў 1-ы клас школы, дык не толькі ведаў літары і лічбы, не толькі свабодна лічыў, чытаў і пісаў. Ён свабодна друкаваў на пішучай машынцы, на якой працавалі яго мама і бацька. Здаваць дакументы ў школу мы пайшлі з аркушамі паперы А4, дзе акуратна, у слупок былі надрукаваныя сталіцы краін, гарады, вядомыя футбалісты, военачальнікі і гэтак далей. Паглядзеўшы аркушы, настаўніца, якая прымала дакументы, здзіўлена сказала: «Што яму рабіць у першым класе? Ідзіце адразу ў другі!» 

Таццяна Мушынская з бацькам Міхасём Мушынскім і дзецьмі Ягорам і Дзянісам

Таццяна Мушынская з бацькам Міхасём Мушынскім і дзецьмі Ягорам і Дзянісам

На журфак Ягор прыйшоў не з трыма сціплымі ўласнымі публікацыямі, а з ёмістай папкай з файламі. Калі прымалі дакументы, дык сказалі — ці то жартам, ці то ўсур'ёз: «А што тут табе рабіць? Трэба адразу дыплом выдаваць!»

Ягор — чалавек фантастычнай энергетыкі. Ягоны любімы выраз: «Тэмп, тэмп, тэмп!» З ім прыемна і радасна нешта рабіць. Бо ён ніколі не зробіць цябе вінаватым, калі штосьці не атрымліваецца або сітуацыя незразумелая. Ведаю, як цёпла і душэўна ставіліся і ставяцца да яго калегі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». 

Я заўжды ганарылася і ганаруся сваім сынам. Але мне вельмі крыўдна, што дзяржава не толькі не цэніць такіх людзей, як Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы». А яшчэ і ўвесь час зневажае: штрафамі, вобшукамі, затрыманнямі, наручнікамі. Яго не першы раз збіваюць. Прычым людзі, якія не маюць і сотай часткі ягоных талентаў. За што? За тое, што разумны і таленавіты, ды яшчэ мае ўласнае меркаванне? За тое, што любіць праўду, а не хлусню? І можа белае назваць белым, а чорнае — чорным? Задушым беларускамоўныя выданні, каб ім на змену прыйшоў хто — «рускі мір»? 

Пры іншым раскладзе Ягор мог бы стаць міністрам турызму ці міністрам інфармацыі, хоць сам ён лічыць, што такая пасада ўвогуле не патрэбная, а СМІ павінны быць вольнымі. Быць вядомым дзяржаўным дзеячам, хоць грамадскі дзеяч ён ужо цяпер. Вырашаць пытанні і праблемы на ўзроўні дзяржавы. Але той, якая кіруецца і жыве па непахісных законах, па правілах здаровага сэнсу, павагі да людзей, да іх здольнасцей і таленту. 

Хачу спадзявацца на здаровы сэнс і тое, што мой сын хутка будзе на свабодзе», — кажа спадарыня Таццяна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0