Брэсцкі каардынатар аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Уладзімір Катрыч распавёў пра мярзотныя паводзіны супрацоўнікаў мясцовага КДБ.
Учора яму патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці на гутарку да следчага КДБ. Уладзімір вырашыў, што выклік звязаны з яго удзелам у шэрагу публічных акцый пратэсту.
Тое, што здарылася праз пару гадзін, стала для актывіста ударам. Катрыч паведаміў «Народнай волі», што КДБ наведала і яго жонка. Жанчыну давялі ў кабінеце да нервовага зрыву.
Адтуль яна пабегла ў суд і падала заяву на скасаванне шлюбу. Жанчына потым распавяла мужу, што ёй далі праслухаць яго прыватныя тэлефонныя размовы. Яе запэўнівалі, што муж не аддае ўсе грошы, якія зарабляе, у сям’ю, а таксама дапускае ў яе адрас абразлівыя выказванні.
Катрыч назваў гэта правакацыяй. «Я ўжо нічога не кажу з нагоды законнасці іх дзеянняў, але які трэба мець маральны ўзровень, каб рабіць такія гідоты», — сказаў прадпрымальнік.





