Без рэвалюцыі 1917 года не было б Беларусі. Такую думку выказаў у гутарцы з журналістамі лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін
пасля ўскладання кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску 7 лістапада.

«Сёння мы адзначаем вялікі дзень, які заснаваў нашу беларускую дзяржаву.

Калі б не было рэвалюцыі, мы б жылі ў Расіі», — мяркуе Калякін. Паводле яго слоў, у 1917 годзе «была спроба людзей зрабіць сваё жыццё лепшым». «Нам трэба з павагай ставіцца да іх учынкаў, хаця яны і не змаглі ажыццявіць усё задуманае», — зазначыў лідар партыі.

Леніна Калякін назваў «найвялікшым чалавекам». На яго думку, тое, пра што марыў Ленін, абавязкова здзейсніцца ў будучыні.

Па просьбе журналістаў Калякін пракаментаваў зробленыя гадзінай раней тут жа, каля помніка Леніну, заявы членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) пра тое, што менавіта ў Беларусі сёння рэалізуюцца прынцыпы роўнасці і свабоды, абвешчаныя падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі. На думку лідара партыі «Справядлівы свет», сёння ў беларускім грамадстве няма ні роўнасці, ні салідарнасці. «Грамадства зараз раздзелена. Толькі калі ўлада і народ будуць адзіныя, мы зможам рухацца наперад. Упэўнены, што большасць беларусаў хацелі б змяніць сваё жыццё. Хаця пакуль яны яшчэ не пераадолелі свой страх», — мяркуе Калякін.

Ва ўскладанні кветак да помніка Леніну бралі ўдзел каля чатырох дзясяткаў актывістаў партыі левых «Справядлівы свет».
Пасля цырымоніі да Калякіна падышоў супрацоўнік міліцыі і прапанаваў яму 8 лістапада ў 10.00 наведаць упраўленне ўнутраных спраў Маскоўскага раёна сталіцы (на тэрыторыі гэтага раёна размешчана плошча Незалежнасці). Лідар партыі лічыць, што яму могуць выставіць прэтэнзіі ў парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым Калякін падкрэсліў, што ні мітынгаў, ні шэсцяў члены партыі не праводзілі — проста ўсклалі кветкі да помніка. Тым не менш палітык мае намер схадзіць у РУУС.

Варта зазначыць, што кветкі да помніка Леніну сёння ўскладалі тры групы прадстаўнікоў беларускіх левых. Апрача членаў КПБ і «Справядлівага свету» кветкі ўсклалі прыкладна два дзясяткі пажылых людзей, якія неслі сцяг з сімволікай УКПБ (Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў) і партрэты Сталіна. Яны ніяк не называлі сябе, але, хутчэй за ўсё, гэта былі актывісты грамадскага аб’яднання «За Саюз і Камуністычную партыю Саюза» (СКПС).

Нягледзячы на тое што акцыю на плошчы Незалежнасці праводзілі розныя групы, міліцыя зацікавілася толькі дзеяннямі апазіцыйнай партыі «Справядлівы свет».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?