Попыт на беларускамоўную паштовую прадукцыю ў Сьветлагорскім раёне сёлета значна большы, чым у папярэднія гады.

Пра гэта паведамляецца ў пісьме мясцовага вузла паштовай сувязі, якое дасланае прадстаўнікам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Сьветлагорску. Гаворка ідзе найперш пра сьвяточныя паштоўкі.

У апошнія дні напярэдадні навагодніх і калядных сьвятаў у Сьветлагорскім раёне ўзьнік дэфіцыт беларускамоўных паштовак. У аддзяленьнях сувязі ў продажы засталася толькі прадукцыя расейскіх вытворцаў. Шэраг сябраў ТБМ у Сьветлагорску зьвярнуліся з гэтай нагоды да кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі. Днямі атрыманы адказ аб выніках разгляду звароту.

«Заказ на вышэйназваныя паштоўкі быў зроблены на ўзроўні мінулых гадоў, але ў гэтым годзе попыт на беларускамоўныя паштоўкі, што прыемна адзначыць, быў значна большы, чым у папярэднія гады, у сувязі з гэтым некаторы час назіралася іх адсутнасьць,» – паведаміў начальнік раённага вузла паштовай сувязі Алег Рэкун. Кіраўнік мясцовай пошты дадаў, што такая акалічнасьць будзе ўлічаная пры продажы прадукцыі ў будучыні. Варта прыгадаць, што летась да 45‑годздзя з часу наданьня Сьветлагорску статуса гораду былі выдадзеныя паштовыя капэрты зь беларускамоўным мастацкім афармленьнем, якія таксама карысталіся добрым попытам у мясцовага насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?