Нацыянальны банк Беларусі прыпыніў на адзін год дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «ТК Банк» на ажыццяўленне шэрагу банкаўскіх аперацый, у тым ліку на прыцягненне грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб ва ўклады (дэпазіты), паведамляе Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
Апрача прыцягнення сродкаў ва ўклады абмежаванне закранула выдачу банкаўскіх гарантый, выпуск у абарачэнне банкаўскіх пластыкавых картак, выдачу каштоўных папер, якія пацвярджалі б прыцягненне грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты) і размяшчэнне іх на рахункі, фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання (факторынг).
«Гэта рашэнне прынятае ў сувязі з невыкананнем ЗАТ „ТК Банк“ прадпісання аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і скіравана на абарону інтарэсаў крэдытораў банка»,— падкрэсліваецца ў паведамленні Нацбанка.
Зазначаецца, што «прынятае рашэнне не прывядзе да ўзнікнення ў ЗАТ „ТК Банк“ абавязацельстваў па датэрміновым выкананні дагавораў з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі. Усе абавязацельствы ЗАТ „ТК Банк“ будуць выконвацца ў адпаведнасці з раней заключанымі дагаворамі».





