У сераду позна вечарам у Атэнах скончыўся фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў сэзону 2006/2007. Сёлетні фінал цалкам дубляваў галоўны паядынак Лігі двухгадовай даўніны – «Мілян» супраць «Лівэрпулю». Тады ангельцы, прайграючы пасьля першага тайму 0:3, змаглі ў другой палове гульні знайсьці сілы адыграцца, а па пэнальці ўвогуле перамагчы.

«Мілян» прагнуў рэваншу, якога і дачакаўся. На апошняй хвіліне першага тайму мілянец Філіпа Індзагі адкрыў лік. Практычна ўся другая палова праходзіла ў нясьпешным тэмпе. Каманды чакалі дзесяці апошніх хвілінаў гульні.

На 82‑й хвіліне Філіпа Індзагі пасьля бліскучай камбінацыі і паса бразыльца Кака падвоіў лік. «Лівэрпуль» не здаваўся. І ўжо праз шэсьць хвілінаў галяндзец Куйт зрабіў перавагу італьянцаў мінімальнай. Каб паўтарыць подзьвіг двухгадовай даўніны ў «Лівэрпуля» папросту не хапіла часу.

У складзе «Міляну» пераможцам Лігі чэмпіёнаў стаў грузін Кахабэр Каладзэ. Ніводзін беларус гэты турнір яшчэ не выйграваў. Летась «Арсэнал» Аляксандра Глеба ў фінале прайграў гішпанскай «Барсэлёне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?