Знайсці
01.05.2024 / 23:3812РусŁacБел

Даносчыкі зараз двойчы падумаюць

Сацыёлаг і гісторык, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі ў інтэрв'ю «Салідарнасці» расказаў пра значэнне злітай базы зваротаў у КДБ і пра тое, як беларусам цяпер жыць з новаатрыманымі ведамі.

Гэтымі днямі беларуская грамадзянская супольнасць актыўна абмяркоўвае базу зваротаў у беларускі КДБ, якую «Кіберпартызаны» выцягнулі з сайта ведамства і абнародавалі. Медыя публікуюць самыя яскравыя і дзіўныя ўзоры кляўз, актывісты шукаюць (і некаторыя знаходзяць) свае прозвішчы сярод масіву скаргаў ад тых, хто «спяшаўся давесці да ведама».

Амаль 40 тысяч зваротаў за 9 гадоў — гучыць унушальна. Аднак, калі прыгледзецца, львіную долю допісаў складае спам. Нямала лістоў ад людзей відавочна з ментальным разладам, сустракаюцца тролінг і заклікі да сумлення супрацоўнікаў КДБ, шмат зваротаў ад сваякоў рэпрэсаваных у савецкі час людзей з просьбай удакладніць звесткі. Але ёсць і «класічныя» даносы, бытавыя і палітычныя, ананімныя і з усімі кантактамі.

Ці можна лічыць, што беларусы засвоілі гістарычныя ўрокі амаль стогадовай даўніны і хутчэй будуць трымаць дулю ў кішэні, чым супрацоўнічаць з аўтарытарным рэжымам? І як глядзець у вочы даносчыкам у будучыні?

— Каб казаць пра тое, ці ёсць нешта экстраардынарнае ў гэтай базе, ці вылучаюцца беларусы ў даносніцтве і як колькасць даносаў адрозніваецца па храналогіі, трэба было б параўнаць з іншым перыядам ці іншымі архівамі, — адзначае Аляксей Ластоўскі. — Безумоўна, з гэтым ёсць складанасці, бо звычайна такія рэчы прыхоўваюцца, даносы пішуцца патаемна.

Адзінае, што ёсць магчымасць крыху даведацца пра сталінскія часы, паколькі архівы 1930-х гадоў, калі казаць, напрыклад, пра расійскія ці ўкраінскія, адкрытыя ў большай ступені, чым беларускія, і гэтыя рэчы вывучаюцца гісторыкамі.

Для сталінізму, у тым ліку ў БССР, была характэрнай вялікая колькасць даносаў. Тады гэта быў адзін з базісаў сістэмы. Бо ў таталітарнай дзяржаве паўставала пытанне, як кантраляваць тых, хто выконвае нейкія функцыі на месцы — і, як ні дзіўна, гэтую ролю выконвалі даносы ў сваёй пачварнай форме.

Людзі прывучаліся не да грамадскай, палітычнай актыўнасці, а выкарыстоўвалі даносы дзеля таго, каб разбірацца з супернікамі, гэта давала шырокія магчымасці для ўсякіх вар’ятаў — такая паталагічная функцыя.

Калі мы кажам пра развітыя дэмакратыі, там гэта выяўлена ў меншай ступені, паколькі ёсць шэраг інстытутаў, якія дазваляюць адсочваць і кантраляваць выкананне публічных функцый. Але ж нядаўна ўсплывала гісторыя пра маладога хлопца з Германіі, які пастаянна піша скаргі і даносы на жыхароў свайго горада — і ў немцаў, хоць яны, здавалася б, больш звыклыя да парадку, знакамітага орднунгу, гэта выклікае абурэнне.

Што да беларусаў, зазначае Аляксей Ластоўскі, то мы ў значнай ступені — пераемнікі савецкай сістэмы выхавання, каштоўнасцяў і нават інстытуцый. Як шмат год таму, даносы пішуцца ў службу бяспекі, якая захоўвае сваю назву — КДБ — з савецкага часу.

У базе нават усплыў даволі камічны кейс: адна з былых супрацоўніц савецкага КДБ, якая працавала ў Літве, прасіла ў расійскіх і беларускіх спецслужбаў пенсію за гэту «адданую працу».

— То бок, кадэбэшнасць захоўваецца, і гэта магчымасць для рэалізацыі тых людзей, якія мысляць савецкімі катэгорыямі: каб выправіць сітуацыю, не ствараюць грамадскія ініцыятывы, а пішуць кляўзы на людзей, якія ім не падабаюцца.

І ўсё ж такі, хоць параўнанне тут не будзе дасканалым і няма метадалагічнай пэўнасці наконт аднаго і другога масіву дакументаў, — калі паглядзець на колькасць даносаў у сталінскія часы, цяпер, я сказаў бы, іх значна менш. Пры тым, што электронная пошта дазваляе значна хутчэй і прасцей гэта рабіць, чым адпраўляць лісты ці тэлефанаваць (таму бачна, што многія лісты проста паўтараюцца, людзі адпраўлялі і адпраўлялі іх ад няма чаго рабіць).

Калі ж мы кажам пра змястоўнасць — мэтакіраваных даносаў з задачай нанесці чалавеку шкоду ў тым масіве, што мы маем, не так шмат. І гэта сведчыць аб тым, што даносніцтва не з’яўляецца паталогіяй усяго грамадства.

— Мы не маем дэмакратычнага досведу, вопыту люстрацыі і прымірэння. У цяперашніх умовах абнародаванне такой базы — на карысць грамадству, ці толькі яшчэ больш паглыбляе раскол? Мо гэта не правал спецслужбаў, а поспех, каб беларусы грызліся больш паміж сабой?

— У любым выпадку гэта тое, што нясе шкоду спецслужбам, паколькі змяншаецца давер да іх дзейнасці, іх прафесіяналізму, рэпутацыі. І тыя людзі, якія захочуць у будучыні напісаць данос, падумаюць, ці варта гэта рабіць.

З іншага боку, калі ацэньваць верагодны эфект — беларускае грамадства ўжо і так расколатае. Тое, што адбывалася ў 2020 годзе, фактычна разбурыла ранейшы кансэнсус, калі дазваляліся многія рэчы і людзі з рознымі поглядамі маглі суіснаваць побач. Сёння такой опцыі няма, няма прыкмет агулам грамадскага дыялогу, затое ёсць раскол, які вядзе да працягу палітычнай эміграцыі.

Усё гэта сведчыць пра далейшую дыферэнцыяцыю беларускага грамадства. Як яе выпраўляць? Пытанне ў тым, у каго ёсць на гэта воля.

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць стратэгію мабілізацыі сваіх прыхільнікаў праз нарошчванне нянавісці да «ворага», стварэнне негатыўнага вобразу апазіцыі, — па логіцы ўладаў, гэта здраднікі, з якімі немагчыма весці размову, а толькі знішчаць.

Гэта значыць, Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб ліквідаваць нарастаючы раскол. Але я не асабліва бачу такія памкненні і з боку палітычнай апазіцыі, хоць дасягненне грамадскага кансэнсусу для адбудовы Беларусі ў будучыні ўяўляецца важнай мэтай.

Праз тое, як адбывалася люстрацыя ў еўрапейскіх краінах, асабліва посткамуністычных краінах усходняга блоку, працягвае Аляксей Ластоўскі, — у Беларусі люстрацыя таксама, на добры толк, мусіла адбывацца іншым чынам, не праз «злівы» асабістых звестак, апублічванне даносаў і г.д.

— Бо ёсць базавыя рэчы для еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія застаюцца канстантамі, — тая ж самая патаемнасць прыватнай перапіскі, права на нераскрыццё асабістых звестак. І яго парушэнне не з’яўляецца тым, што палепшыць жыццё ў грамадстве. Але гэта ўжо адбылося і нікуды не знікне, база разышлася. Цяпер паўстае пытанне, якім далей будзе модус паводзінаў з тымі, хто пісаў даносы.

І хоць беларускі кейс не з’яўляецца нейкім унікальным, усё адно няма відавочнай мадэлі, што рабіць у гэтай сітуацыі, што для нас важна: справядлівасць, прыярытэт права? І хто будзе гэта вызначаць, калі няма ні інстытуцый, ні механізмаў, ні жадання выпраўляць да лепшага сітуацыю?

Думаю, усё звядзецца да шэрагу асабістых выпадкаў, можа, нават цкавання асобных аўтараў даносаў.

— Нямецкага аматара абсалютнага кантролю і «рэкардсмена па даносах» пабіў футбольны фанат, але той палічыў гэта прыкметай сваёй папулярнасці. А што наконт беларусаў, якія пісалі даносы — на вашу думку, цяпер ці ў будучым яны раскаюцца, ці азлобяцца, ці хутчэй зробяць выгляд, што нічога не было?

— Каяцца, мяркую, ніхто не будзе — калі людзі пачынаюць складаць даносы, яны сыходзяць з сістэмы каштоўнасцяў, дзе такія ўчынкі з’яўляюцца апраўданымі. Адэкватны чалавек не будзе займацца тым, каб пісаць даносы ў КДБ. Таму чакаць ад іх рэакцыі з гледзішча маральных каштоўнасцяў — сумняюся, што будуць такія выпадкі.

Верагодна, усё застанецца ў такім жа рэчышчы. Мы проста больш даведаемся пра гэтых людзей. Так ці інакш, беларусы ведалі пра існаванне даносчыкаў, асобных «герояў» ведаюць усе ў твар і па імёнах — так што наўрад ці нешта зменіцца на ўзроўні грамадства. Вось у індывідуальных сітуацыях, скажам, калі жонка пісала данос на мужа, сапраўды «нешта будзе» пасля.

А сыходзячы з таго, што Лукашэнка не вечны, і, будзем спадзявацца, калісьці ў Беларусі ўлада зменіцца ў лепшы бок — праблема, што рабіць з тымі, на кім трымаўся рэжым, асабліва з сілавымі структурамі, відавочна будзе.

Аднак пакуль што я не бачу сур’ёзных спробаў гэта асэнсоўваць, абгаворваць. Дый пільнай патрэбы ў пошуку аптымальнай стратэгіі проста цяпер няма, бо няма адчування, што змены ў грамадстве адбудуцца хутка.

Чытайце таксама:

«Народная грамада» адрэагавала на апублічванне даносчыкаў у шэрагах партыі

Магілёўская каардынатарка Статкевіча стукала на Пальчыса. А цяпер лезе ў Каардынацыйную раду

Мінчук данёс на незалежны сайт і кажа, што гэта яго грамадзянская пазіцыя

Сцяпана Латыпава здаў КДБ ягоны расійскі калега-арбарыст. Але сам спрабуе адмаўляць гэта

У актыўным «стуканні» ў КДБ засвяціўся вядомы магілёўскі фатограф і экаактывіст

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
11
Сумна
11
Абуральна
17
0
Чорнага кабеля.. /адказаць/
02.05.2024
А куды дзеўся першы загаловак?
1
Ёсік/адказаць/
02.05.2024
даведка, нешта вы ўзбудзіліся. Чытаючы раней вашыя пасты, бачыў лёгіку, аналіз, разважаньні адукаванага чалавека. Я раней пісаў, што там шмат непатрэбнага сьмецьця, хтосьці хворы, хтосьці адмыслова завальваў абы якой інфой, каб сракамі варушылі, а не крэслы ціснулі, але і шмат чаго патрэбнага дазналіся. Ведаем, што ў Магілёве завод сьмярдзіць, людзей атручваюць, пасадзілі чэснага супрацоўніка дзяржстандарту (2тыс., самім не сьмешна?), а ў чыноўнікаў і адміністрацыі прадпрыемства, беларусы між іншым, усё добра. Хто здаў Латыпава ды на іншых пісаў бздуру. Вы ўжо павінны ўмець чытаць паміж радкоў, хтосьці знойдзе тое, што яму патрэбна.
3
даведка/адказаць/
03.05.2024
Это всё единичные факты, а слиты данные тысяч или даже десятков тысяч людей, которые никакими доносами не занимались, а обращались по компетенции и совершенно обыденным вопросам. В лучшем случае просто заспамят электронные ящики, мошенники используют их паспортные данные и телефоны в своих корыстных интересах, но есть и более серьёзные вещи, которые могут очень дорого стоить тем, кто сообщал в КГБ, например, о масштабных хищениях и схематозах на МАЗе в бытность его коммерческим директором того самого Скитова, которого КГБ тогда не только не посадили, но и допустил его повышение до генерального директора молочного холдинга. К сожалению, модератор тот комментарий не пропустил. Хотя там вполне реальный исход для заявителя был описан, учитывая криминальное прошлое героя конфиденциального сообщения со всеми раскладами в КГБ.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031