Знайсці
06.05.2024 / 21:205РусŁacБел

Сім-карты толькі ад МТС і ніякага мабільнага інтэрнэту. На «Гродна Азоце» забараняюць смартфоны

На «Гродна Азоце» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам неўзабаве забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт. Дакумент, падпісаны гендырэктарам Ігарам Ляшэнкам, трапіў у распараджэнне «Люстэрка». У дакуменце — загад выдаць усім супрацоўнікам, мяркуючы па ўсім, кнопкавыя тэлефоны і карпаратыўныя сім-карты — на тэрыторыю прадпрыемства можна будзе праходзіць толькі з імі.

«Гродна Азот». Фота: delo.by

Работнікам — новыя гаджэты. Бухгалтэрыі і службе бяспекі — спісы прозвішчаў і заявы

У дакуменце, які атрымала ў сваё распараджэнне рэдакцыя «Люстэрка», пазначана, што работнікаў «Гродна Азота» з 1 ліпеня 2024 года не будуць прапускаць на тэрыторыю са смартфонамі, у якіх ёсць выхад у інтэрнэт. У працоўны час супрацоўнікам будзе дазволена карыстацца тэлефонамі, па якіх можна тэлефанаваць, перадаваць SMS і MMS — верагодна, гаворка пра кнопкавыя тэлефоны. Выключэнне зрабілі толькі для асобнай групы супрацоўнікаў, але пра гэта пазней.

Загад падпісаны гендырэктарам «Гродна Азота» Ігарам Ляшэнкам і выпушчаны 26 красавіка. Тэкст яго склалі па пратаколе «пашыранай вытворчай нарады», якую праводзілі 17 красавіка — менавіта ў той дзень «Кіберпартызаны» паведамлялі пра маштабную атаку на прадпрыемства.

Як адзначана ў дакуменце, меры прымаюцца для абмежавання магчымасці супрацоўнікамі «фотавідэафіксацыі і выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў». А таксама «ў мэтах забеспячэння бесперабойнай працы структурных падраздзяленняў, аператыўнага прыняцця работнікамі прадпрыемства рашэнняў па напрамках вытворча-фінансавай дзейнасці».

Трэцяя (апошняя) старонка загаду аб забароне выкарыстання смартфонамі на тэрыторыі «Гродна Азота», які атрымала ў сваё распараджэнне «Люстэрка»

Па новых нормах усім структурным падраздзяленням павінны са склада выдаць мабільныя тэлефоны «стандарту 2G». У дакуменце не пазначаецца, ці можа быць у гаджэтах камера для здымкі фота і відэа, але размеркаваць іх павінны былі да 29 красавіка.

Папярэдне кіраўнікам гэтых падраздзяленняў трэба было скласці спісы супрацоўнікаў, ад кожнага работніка — абавязкова аформіць заяву і абавязацельствы па выкарыстанні. Арыгіналы спісаў і заявы да 3 мая чакалі ў бухгалтэрыі, копіі — дадаткова ў службе бяспекі і цэху сувязі.

Адзначаецца, што калі ў супрацоўнікаў з'яўляецца «вытворчая неабходнасць падключыцца да інтэрнэту са смартфонаў», спіс іх прозвішчаў у дакладной запісцы павінны накіраваць начальніку службы бяспекі. Прычым папярэдне гэта трэба ўзгадніць з намеснікам гендырэктара падраздзялення, да якога гэтыя работнікі адносяцца.

Да тэлефонаў прыкладаюцца карпаратыўныя сім-карты — іх падключылі да аператара МТС, на тарыф «Разумны бізнэс 1.0». Пры гэтым «Гродна Азот» атрымала вялікую зніжку — 70% ад дзейнага тарыфу. Характэрна, што ён прадугледжвае і 250 МБ інтэрнэт-трафіку, але для гроднаазотаўцаў ён будзе заблакаваны.

Дарэчы, 17 красавіка гендырэктарам МТС стаў экс-начальнік КДБ па Мінску і вобласці Уладзімір Козыр.

Дадатак да загаду аб забароне карыстацца смартфонамі на тэрыторыі «Гродна Азота», які паступіў у распараджэнне «Люстэрка»

Пры гэтым абсалютна ўсім супрацоўнікам дазваляюць уставіць у тэлефон іншую, сваю сім-карту — калі ёсць такая магчымасць.

Усе патрабаванні тычацца як самога «Гродна Азота», так і філіяла «Завод Хімвалакно», унітарных прадпрыемстваў «АзотСпецТранс», «Азотсэрвіс», «Азотхімфартыс», «Азот Рэм Буд». Іх дырэктарам таксама загадваецца купіць і раздаць работнікам тэлефоны і сімкі. Дэдлайн — 30 чэрвеня.

Асобным пунктам у загадзе прапісаны спіс супрацоўнікаў, якім такія тэлефоны таксама выдадуць, але дазволяць карыстацца сваімі асабістымі смартфонамі. Іх не так шмат — гэта намеснікі гендырэктара «Гродна Азота» і «Завода Хімвалакно», кіраўнікі структурных падраздзяленняў (службаў, атрадаў і аддзелаў) і іх намеснікі. Сам гендырэктар у гэтым спісе не значыцца, але, верагодна, на яго забарона таксама не будзе распаўсюджвацца.

Забарона сапраўды?

Так. «Люстэрку» гэтую інфармацыю пацвердзілі ў даведачным бюро «Гродна Азота», куды журналістка рэдакцыі патэлефанавала як супрацоўніца і папрасіла ўдакладніць, калі менавіта забарона пачне дзейнічаць.

«Пакуль не было ніякіх указанняў. У мяне, напрыклад, пакуль свой тэлефон з сабой, сёння дакладна, — адказаў супрацоўнік і ўдакладніў інфармацыю ў калегаў. — Папярэдне, пакуль да 1 чэрвеня можаце карыстацца».

Пасля смартфоны работнікам прыйдзецца пакідаць у спецыяльных ячэйках на прахадных. Па словах суразмоўцы, кожная ячэйка будзе разлічаная прыкладна на чатыры чалавекі. Ячэйкі «пад камерамі» і будуць закрывацца на ключ.

Чым «Кіберпартызаны» так напалохалі кіраўніцтва «Гродна Азота»?

17 красавіка хакеры аб'явілі пра маштабную атаку на «Гродна Азот». Аб'яднанне заявіла, што былі ўзламаныя сістэмы аховы і камеры відэаназірання, парушаная праца кацельнага цэха. Таксама знішчаныя бэкапы баз даных.

«Стаўкі павышаюцца. Каб аднавіць даныя, прыйдзецца дыктатару вызваліць усіх палітвязняў «Гродна Азота» + 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на наша меркаванне)», — заявілі «Кіберпартызаны».

На самім хімічным прадпрыемстве сітуацыю не каментавалі. Пры гэтым на «Гродна Азоце» ў вытворчасці задзейнічаныя ў тым ліку выбухованебяспечныя рэчывы.

3 траўня хакеры заявілі пра паўторную атаку на «Гродна Азот». Яны сцвярджаюць, што падчас першай у сетку прадпрыемства былі закладзеныя вірусы, якія спрацоўваюць па раскладзе.

«Адпрацавала першая серыя такіх «закладак», якая павінна была выдаліць даныя многіх сотняў ПК супрацоўнікаў, дакументаабарот, дамен-кантралёры і іншыя серверы. Паводле нашай інфармацыі, на прадпрыемстве паніка. Дыспетчар аддаў загад тэрмінова выключыць камп'ютары па ўсім прадпрыемстве», — гаварылася ў паведамленні «Кіберпартызан».

Аб'яднанне нагадала, што выдаліць усе «закладкі», калі прадпрыемства і ўлады выканаюць заяўленыя патрабаванні.

Сайт хімпрадпрыемства, які раней быў недаступны, цяпер зноў працуе.

Чытайце таксама:

«На прадпрыемстве паніка». «Кіберпартызаны» заявілі пра новую атаку на «Гродна Азот»

«Учора быў шухер». Што адбываецца на «Гродна Азоце» пасля атакі «Кіберпартызанаў»

«Кіберпартызаны» паведамілі пра атаку на гродзенскі «Азот»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
7
Ха-ха
10
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
6
0
даведка/адказаць/
07.05.2024
МТС возглавляет из КГБ, Гродненский филиал МТС тоже экс-военный, зам. по безопасности «Гродно Азот» из КГБ.
07.05.2024
Зянон, жену не запретят, а передадут на 3 дня в неделю силовику на благо родины.
0
Зенусь/адказаць/
07.05.2024
Прапаную працаўнікам прадпрыемства прыходзіць на працу увогуле без тэлефона. А дзе напісана, што ён у цябе павінен быць? Паглядзім, як гэбэшныя кіраўнікі тады накіруюць
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера